Праграма “Лідэрства ў мясцовых супольнасцях”

Калі вы імкнецеся зрабіць жыццё лепшым у сваіх гарадах, дварах, пад’ездах – гэтая праграма для вас! Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый і міжнародная арганізацыя «Пакт» запрашаюць да ўдзелу ў навучальным курсе «Лідэрства ў мясцовых супольнасцях» 2014-2015.

Якасць жыцця людзей, аб’яднаных агульнай тэрыторыяй, можа паляпшацца дзякуючы іх уласным намаганням і супольнай працы яе жыхароў. Праграма дапаможа навучыцца вызначаць праблемы ўнутры супольнасці, планаваць дзеянні па іх вырашэнні і ўвасабляць гэтыя дзеянні ў жыццё.

Мэта праграмы – дапамагчы ўдзельнікам развіць лідэрскія здольнасці і садзейнічаць павышэнню ўстойлівасці, эфектыўнасці і ўплывовасці мясцовых супольнасцей у Беларусі.

Курс будзе праходзіць у Беларусі, з чэрвеня 2014 па красавік 2015 года. Праграму адмініструе асветніцкая ўстанова «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый» (Менск).

ДЛЯ КАГО

Удзел у праграме «Лідэрства ў мясцовых супольнасцях» адкрыты для ўсіх актыўных людзей, якія займаюцца паляпшэннем жыцця сваіх супольнасцей, у тым ліку для прадстаўнікоў грамадскіх ініцыятыў і арганізацый Беларусі.

На конкурснай аснове будуць адабраныя тыя, хто прадэманструе матывацыю, здольнасць і досвед працы ў мясцовых супольнасцях. Арганізатары чакаюць ад удзельнікаў адказнага стаўлення і гатоўнасці да навучання і развіцця.

ГРАФІК ПРАГРАМЫ

Курс складаецца з адукацыйных сесій у спалучэнні з практычнымі заданнямі, якія даюць магчымасць скарыстаць новыя веды ў супольнасцях. З удзельнікамі будуць працаваць эксперты з Беларусі, Украіны, Літвы і Расіі, якія распавядуць і прадэманструюць, якія падыходы і інструменты з’яўляюцца эфектыўнымі на мясцовым узроўні.

Ад удзельнікаў патрабуецца наведванне ўсіх сесій праграмы.

27-29 чэрвеня 2014 — Сесія «Што такое мясцовая супольнасць»: разуменне падставовых характарыстык супольнасці; аналіз супольнасці з пункту гледжання патрэбаў і існуючых рэсурсаў.

5-7 верасня 2014 — Сесія «Планаванне і мясцовыя рэсурсы»: веданне падставовых інструментаў і тэхнік планавання супольных дзеянняў і ўменне іх выкарыстоўваць; вызначэнне мясцовых і знешніх рэсурсаў супольнасці і спосабы іх прыцягнення.

14-16 лістапада 2014 — Сесія «Лідэрства і партнёрства»: вызначэнне і развіццё ключавых характарыстык эфектыўнага лідэра супольнасці, уключна камунікацыйных навыкаў, навыкаў прэзентацыі; уменне будаваць партнёрскія стасункі з атачэннем і кіраваць кааліцыйнымі ўтварэннямі.

16-18 студзеня 2015 — Сесія «Адвакатаванне і ўплыў»: уменне распрацоўваць і кіраваць праектамі па вырашэнні і прасоўванні сацыяльна важных пытанняў; уменне карыстацца рознымі магчымасцямі прыцягнення рэсурсаў, таксама і анлайн.

сакавік 2015 — Заключная ацэначная сустрэча.

Цягам курса ўдзельнікаў будуць суправаджаць ментары (настаўнікі), якія з’яўляюцца прафесіяналамі ў розных аспектах дзейнасці грамадскіх ініцыятыў, уключна сферы ўстойлівага мясцовага развіцця.

УМОВЫ ЎДЗЕЛУ

Адбор удзельнікаў праграмы адбываецца на конкурснай аснове. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна запоўніць форму заяўкі онлайн да 4 чэрвеня 2014 года (уключна). Форма даступна па спасылцы.

Пра вынікі адбору ўдзельнікам будзе паведамлена не пазней 11 чэрвеня.

Арганізатары кампенсуюць выдаткі па пражыванні, харчаванні, падрыхтоўцы раздаткавых матэрыялаў; транспартныя выдаткі ўдзельнікаў не кампенсуюцца.

Кантактны е-мейл, па якім можна звяртацца па пытаннях, звязаных з удзелам у праграме: locaLeaders@gmail.com

Усе правы і аўтарства на праграму “Лідэрства ў мясцовых супольнасцях” належаць міжнароднай некамерцыйнай арганізацыі Пакт.

Крыніца: http://adukacyja.info/

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика