
У суботу вечарам, 31 траўня, у цэнтры Слоніма на пешаходным завулку каля драматычнага тэатра сабраліся творчыя слонімцы на сваё першае творчае мерапрыемства, якое назвалі “Бысторыя” (ад стараславянскага слова “падзея”). Аўтарамі ідэі і арганізатарамі мерапрыемства сталі мясцовыя маладыя асобы Андрэй Ахота і Яўген Семяненка. У мінулым годзе і сёлета яны наладжвалі ў Слоніме “Фотасушку”, якая вельмі спадабалася гараджанам.
Па славах Андрэя і Яўгена, “Бысторыя” – гэта праект першай пешаходнай вуліцы ў Слоніме. Гэта вуліца невялікая, але гістарычная ва ўсіх адносінах. Побач знаходзяцца драмтэатр з шыльдай Міхалу Казіміру Агінскаму, якія сёлета адкрылі, а таксама краязнаўчы музей імя Язэпа Стаброўскага, цэнтральная бібліятэка з музеем кнігі, якія месцяцца ў былой ратушы другой паловы XVIII стагоддзя. Месца вельмі файнае, куды вырашана было склікаць мясцовых музыкантаў, мастакоў, фатографаў і проста творчых людзей, каб неяк ажывіць культурнае жыццё невялікага і старажытнага горада над Шчарай.
І сапраўды, “Бысторыя” хутка ажывіла цэнтр Слоніма. Іграў аркестр, спявалі барды, працавалі буккросінг, флэшмобы, выставы фотаздымкаў, кніг і гучалі песні. Слонімцам гэта спадабалася, асабліва моладзі, якой на свяце было найбольш.
Міхась Акулка
Фота аўтара.