3 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Глоўсевічы нарадзіўся удзельнік патрыятычнага падполля на Слонімшчыне ў 1946-1947 гадах Іван Тарасюк.
У 1943-1944 вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі. Пасля вайны працаваў настаўнікам у школах вёсак Глоўсевічы і Сурынка на Слонімшчыне, затым — на чыгуначнай станцыі ў Слоніме і ў рэдакцыі раённай газеты «Вольная праца».
З канца 1946 кіраваў настаўніцкай групай патрыятычнага падполля на Слонімшчыне, якое існавала пад канспірацыйным назовам «Чайка». У групу ўваходзілі Ілля Янушкевіч, Міхась Кашэня і іншыя. Па даручэнні Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху пранік у сістэму органаў МГБ Слонімскага раёну. Ня быў арыштаваны, не была арыштаваная і ўся настаўніцкая група, але ў сувязі з разгромам савецкімі карнымі органамі цэнтральных структур падполля група перастала дзейнічаць.
Жыў у Слоніме. Памёр 01.04.1976. Пахаваны на могілках у Слоніме.