ХМЯЛЬНІЦА: ПА СЛЯДАХ НАПАЛЕОНАЎСКІХ ВОЙСКАЎ

 Кіламетраў 15 ад Слоніма знаходзіцца вёска Хмяльніца. Яна стаіць убаку ад дарогі, калі ехаць са Слоніма на Ружаны. Дзесяць гадоў таму ў вёсцы пражывала каля сотні жыхароў, а цяпер — напалову менш. Ды і вёска, як кажуць у народзе, неперспектыўная.
Гісторыя вёскі пачынаецца дзесьці з XVI стагоддзя. Была вёска ўласнасцю Валовічаў, потым у складзе Расійскай імперыі, потым пад Польшчай, а падчас Другой сусветнай вайны немцы і савецкія партызаны знішчылі 26 двароў і 18 яе жыхароў.
Часам вёска Хмяльніца Слонімскага павета згадваецца ў гісторыі беларускай літаратуры. Справа ў тым, што ў 1912-1915 гадах у Хмяльніцкай пачатковай школе працаваў настаўнікам вядомы заходнебеларускі грамадска-палітычны дзеяч, літаратуразнавец, паэт і педагог Ігнат Дварчанін (1895-1937), які пазней скончыць Карлаў універсітэт у Празе і абароніць доктарскую дысертацыю “Францыск Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве”.
У апошнія красавіцкія дні я вырашыў наведаць Хмяльніцу. Мяне цікавілі сляды напалеонаўскай арміі, якая ў 1812 годзе наступала і адступала праз Хмяльніцу. Па вёсцы ішлі аўстрыйскія і прускія жаўнеры, якія ваявалі на баку Напалеона Банапарта.
Вёска Хмяльніца раскідана па невялікіх хутарках-вуліцах. Самая першая вуліца называецца Раманаўская. Яна самая старая і, менавіта, па ёй крочылі 200 гадоў таму аўстрыякі і прусакі. На гэтай вуліцы толькі 6 хат. Каля адной з іх на лаўцы сядзелі вясковыя пенсіянеркі. Спыняюся, вітаюся з жанчынамі. Адна з іх прапаноўвае купіць бульбы, бо шмат засталося яшчэ з восені. Але тэма бульбы ў нас хутка адыходзіць на другі план. На першы план пераходзіць гістарычная тэма. “А чаму ваша вуліца называецца Раманаўская?”, — пытаюся ў жанчын. “Таму што некалі на ёй жыў нейкі Раман, таму і называецца Раманаўская”, — адказваюць жанчына. Сапраўды так. А каб жыў нехта Пятро, дык была б Пятроўская…
—А ці чулі вы, жанчынкі, пра вайну з французамі? — зноў экзаменую вяскоўцаў.
—А як жа ж!.. Вунь там знаходзяцца старыя каменныя могілкі. Яны ўсе зараслі кустамі. Тых французаў каля нашай Хмяльніцы некалі шмат палягло. І хавалі іх там, а замест помнікаў клалі толькі камяні. А на адным камені нават захаваўся надпіс, ён каля дачнага доміка знаходзіцца, тут, у вёсцы, пад’едзьце туды, — параілі пенсіянеркі.
Еду шукаць камень з надпісам. У канцы вёскі каля дачнай прыбудовы здалёк убачыў вялікі камень з надпісамі. На ім выбіты прозвішчы і ў самым нізу каменя добра відаць 1813 год. Але чаму 1813, а не 1812? Магчыма, камень пэўны час шліфаваўся, набіваліся прозвішчы і лічбы. Пакуль гэта ўсё ў ручную рабілася і камень ставіўся — прайшоў час.
Дзіўна тое, што гэты гістарычны камень нехта з дачнікаў прыстасаваў замест шула. І веснічкі камень трымае, і плот. Што толькі не прыдумаюць нашы людзі. Ад гэтага “наватарства” нават горка і балюча бывае.
Калі вяртаўся ад старога каменя назад, сустрэў вяскоўца Колю, так ён сябе назваў. Сказаў Колю, хто я такі і што шукаю. “А ў мяне ёсць штык, я яго знайшоў на французскім могільніку. Ён проста быў усажаны ў зямлю. Ці не з вінтоўкі гэты штык якога-небудзь француза?”, — спытаўся Коля. “Магчыма…”, — адказаў вяскоўцу, трымаючы старую рэч у руках.
Колю са штыком я сфатаграфаваў і паціху пачаў развітвацца з Раманаўскай вуліцай Хмяльніцы і яе жыхарамі. Па дарозе на Слонім сфатаграфаваў старыя каменныя могілкі, дзе нашлі спачын сотні жаўнераў з Прусіі і Аўстрыі.
                                                                                                                            Сяргей ЧЫГРЫН

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика