КРАЯЗНАЎЧЫ КАЛЯНДАР

 2 кастрычніка 1920 года нарадзіўся ветэран беларускага вызваленчага руху Андрэй Вайтовіч, які доўгі час жыў у Слоніме.

Андрэй Вайтовіч (1920-2008) нарадзіўся ў вёсцы Залоскі, што каля Любчы (Наваградчына) ў шматдзетнай сялянскай сям’і. З маленства працаваў на зямлі — дапамагаў бацьку. У школе паказваў сябе здольным вучнем, але, каб працягваць навуку, патрэбныя былі грошы, якіх не мелі яго бацькі… Ратавала дапамога старэйшага брата, знаёмых. Паехаў вучыцца ў Вільню ў электрамэханічную гімназію, паступіў. Зноў не было грошай, але дырэкцыя адзначыла яго здольнасці і стараннасць — атрымаў стыпендыю. Вайна не дала скончыць гімназію — паміж Вільняй і Любчай з’явілася мяжа…

Падчас нямецкай акупацыі закончыў матуральныя курсы і вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Наваградку. Тут ён у 1942 г. уступіў у падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю, далучыўся да змагання за вольную і незалежную Беларусь. Адначасова дапамагаў зброяй і боепрыпасамі свайму сябру, таксама беларускаму патрыёту, які ўдзельнічаў у польскім антынацысцкім супраціве.

У верасні 1944 года Вайтовіча арыштавала савецкая дзяржбяспека. Шэсцьдзесят чатыры дні правёў спадар Андрэй у адзіночцы, сядзеў у карцэры, амаль шэсць дзён трымаў галадоўку, якую гвалтоўна спынілі.

Ён атрымаў 8 гадоў лагероў, а пасля яшчэ адбываў высылку.

Толькі ў 1958 годзе Вайтовіч вярнуўся на Беларусь. Ён сябраваў з Ларысай Геніюш, дапамагаў ёй.

Ён быў працавітым, шчырым і сумленным чалавекам. Ужо слабы і хворы дапамагаў аднаўляць праваслаўны сабор у Слоніме.

31.03.2008. Андрэй Вайтовіч памёр. Пахаваны на слонімскіх могілках.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика