Казахстан наперадзе

У БЕЛАРУСІ адбыўся 2-гі з’езд лекараў амбулаторнай практыкі. Ва ўсім свеце надаецца вельмі важнае значэнне якраз такі сістэме першаснай медыцынскай дапамогі, куды адносяцца і амбулаторна-паліклінічныя установы аховы здароўя. Я ўжо амаль 10 гадоў узнімаю пытанні аб неабходнасці рэфармавання ў Беларусі менавіта сістэмы першаснай медыцынскай дапамогі. У апошнія гады і “наверсе” перасталі з захапленнем хваліцца нашай медыцынай, паколькі пацыенты і самі медыкі ўсё больш сталі выказваць нездавальненне справамі ў сістэме аховы здароўя.Трэба сказаць, што на сённяшні дзень захоўваецца выразная тэндэнцыя у іншых краінах постсавецкай прасторы пераходу ад паліклінічнай мадэлі амбулаторнай дапамогі да мадэлі лекараў агульных практык, што і прадэманстраваў праведзены форум лекараў амбулаторнай практыкі. Так , напрыклад, значна апярэджваюць нас у рэфармаванні савецкай медыцынскай спадчыны нават нашы партнёры з Казахстана. У Казахстане дзейнічае дзяржпраграма развіцця аховы здароўя на 2011-2015 гады, у якой першасная медыцнская дапамога вызначана як прыярытэтная! Прадстаўнікамі Казахстана казалася пра тое, што ў іх прадугледжана ўдасканаленне сямейнай медыцыны; павелічэнне колькасці лекараў і медсясцёр агульнай практыкі; развіццё сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі; уводзіны комплекснага падушавога нарматыва з элементамі частковага фондаўтрымання; павелічэнне выдаткаў на прафілактыку; падвышэнне матывацыі медпрацаўнікоў на дасягненне добрага канчатковага выніку (праз сістэму дадатковых выплат у выглядзе стымулюючага кампанента падушавога нарматыва); узмацненне ролі і патэнцыялу сярэдняга медперсанала.

Амбулаторная дапамога лекараў агульнай практыкі, гэта калі з любой праблемай, якая тычыцца кансультацыі ці лячэнні, звяртаюцца да аднаго лекара. Больш за 80 адсоткаў праблем пацыентаў пры гэтым вырашаецца на месцы. Калі ж патрэбны кансультацыі спецыялістаў, лекарам даецца кірунак, таксама як і для дадатковага абследавання. Такі лекар зацікаўлены ў выніках сваёй працы, бо ад іх наўпрост залежаць яго заробкі. Ён цесна кантактуе з іншымі медыкамі і сацыяльнымі працаўнікамі. Праблемы здароўя чалавека разглядаюцца ў кантэксце яго сям’і, сацыяльнага і культурнага асяроддзя. Адсюль і добрыя вынікі .

Не раз гаварылася мною і аб неабходнасці ўкараненяя ў сістэме першаснай медыцынскай дапамогі  сучасных інфармацыйных тэхналогій. На форуме адзначалася, што ў 2014 годзе долю інфарматызацыі ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях краіны плануецца павялічыць да 60%, гэта значыць чуць болей чым у палавіне гэтых устаноў. Гэта вельмі мала, тым больш, што наяўнасць частковай інфарматызацыі не азначае поўнага пераходу да новых інфармацыйных тэхналогій. Пэўна, ўсё ж не хапае кіраўніцтву краіны палітычнай волі, а рулявым беларускай аховы здароўя жадання і ўмення зрабіць пэўныя крокі ў кірунку рашучага рэфармавання сістэмы аховы здароўя Беларусі для карысці яе грамадзян.

Іван Шэга

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика