КРАЯЗНАЎЧЫ КАЛЯНДАР

23 кастрычніка 1928 года ў вёсцы Хадзявічы нарадзіўся Лаўрэн Клыбік — медык, навуковец-фармацэўт, дзеяч беларускай эміграцыі ў Велікабрытаніі і Бельгіі.

Бацькі яго былі земляробамі. Пасля 1939 году хлопчык хадзіў у школу ў сваёй вёсцы, а потым у Слоніме.

Неўзабаве пачалася нямецкая акупацыя. Калі немцы адступалі, яны вывозілі са Слоніма, што маглі. Забралі таксама вучняў са школы, у тым ліку і Лаўрэна. У чэрвені 1944 года вывезлі іх у Нямеччыну, пасля — у Францыю капаць акопы, будаваць лінію абароны супраць амерыканцаў.

Але доўга не прыйшлося там працаваць, бо фронт наблізіўся вельмі хутка. Амерыканцы вызвалілі падлеткаў і змясцілі ў лагер. Людзей пачалі сартаваць па краінах іх паходжання. Лаўрэна палічылі палякам, бо паходзіў ён з Заходняй Беларусі. Польскае войска на Захадзе шукала тады маладых, здаровых людзей, каб пакрыць свае страты ў Італіі. Л.Клыбіка залічылі ў войска генерала Андэрса. Адначасова з вайсковай падрыхтоўкай юнак праходзіў курсы вайсковых радыётэхнікаў. Атрымаўшы дыплом, трапіў у танкавую дывізію.

Калі вайна скончылася, жаўнераў перавялі ў Ангельшчыну. Каб ня губляць час і падвучыць ангельскую мову, Лаўрэн запісаўся на курсы з праграмай сярэдняй школы. Пасля дэмабілізацыі ён стаў памочнікам аптэкара.

У 1953 годзе, выехаўшы ў Бельгію, у Лёвэн, паступіў на факультэт фармацэўтыкі ўнівэрсітэту. Атрымаў дыплом, працаваў загадчыкам аптэкі ў Брусэлі. Прайшоўшы добрую прафесійную практыку, у 1966 годзе адкрыў уласную аптэку, а потым — лабараторыю гомеапатычных прэпаратаў, стварыў некалькі адмысловых лекаў. У 1990 годзе напісаў дысэртацыю Coffea («Кава»), што дазволіла яму стаць сябрам Асацыяцыі гомеапатаў Бельгіі. Стварыў і вывучаў новае лека RACK (супраць наступстваў чарнобыльскай катастрофы). Са згоды Міністэрства аховы здароўя Беларусі і з удзелам аўтара яно прайшло праверку ў Валожынскім раёне. Клінічныя доследы паказалі, што прэпарат вельмі эфектыўны пры лячэнні захворванняў, якія выкліканыя радыёнуклідамі або радыёмагнетычнымі хвалямі.

Лаўрэн Клыбік некалькі разоў наведваў Радзіму. У музеі «Беларусы ў свеце» Навукова-асветнага цэнтру БДПУ імя Максіма Танка ёсць стэнд, прысвечаны фармацэўтычнай дзейнасці нашага суайчынніка.

9 студзеня 2005 году Лаўрэн Клыбік памёр у Бельгіі.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика