У Слоніме адбудзецца суд над журналістам “Белсату”

Незалежнага журналіста, якога другі раз за год вінавацяць у парушэнні арт. 22.9 ч.2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, выклікаюць у суд у Слоніме 11 снежня ў 11.00.

Са Слонімам справа звязаная таму, што менавіта ў гэтым горадзе Алесь Залеўскі, супрацоўнік польскага грамадскага тэлебачання, часткай якога з’яўляецца тэлеканал “Белсат”, здымаў рэпартаж пра злоўжыванне і карупцыю ў сферы ЖКГ, паведамляе сайт http://www.baj.by/.

Неўзабаве пасля выхаду матэрыялу ў эфір працай журналіста зацікавілася мясцовая міліцыя, а 4 снежня журналісту паведамілі дату судовага працэсу.

Прыцягненне журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ стала масавай з’явай у 2014 годзе. Сёлета міліцыянты завялі ўжо трынаццаць падобных спраў, большасць з якіх скончыліся вялікімі штрафамі.

Сам за Алесь Залеўскі цікавасць слонімскай міліцыі і суда да сваёй асобы звязвае з вялікім розгаласам, што атрымаў зняты антыкарупцыйны сюжэт. Па інфармацыі журналіста, па слядах сюжэту ў Слоніме распачалося сапраўднае расследаванне названых фактаў.

– Замест таго, каб дзякаваць журналістам за ўзняцце сацыяльна важнай тэмы, яны чамусьці імкнуцца да пакарання. Гэта вельмі сумна, хоць на сам суд я абавязкова паеду. У першую чаргу – каб даведацца пра рэзананс, які атрымаў наш журналісцкі матэрыял, – распавёў Залеўскі прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Алесь Залеўскі — штатны супрацоўнік Польскага грамадскага тэлебачання TVP, часткай якога з’яўляецца “Белсат”, аўтар і вядоўца праграм “Людскія справы” і “Рэпартаж Залеўскага”.

Гэта ўжо другая адміністрацыйная справа ў дачыненні да яго цягам бягучага года. У маі Карэліцкі раённы суд пакараў журналіста штрафам у 30 базавых велічыняў за нібыта “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” (арт. 22. 9 ч 2. КаАП). Падставай стаў рэпартаж пра прыватны краязнаўчы музей у Міры.

http://www.baj.by/

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика