
У чацвер, 11 снежня, у судзе Слонімскага раёну адбыўся суд над журналістам незалежнага тэлеканала «Белсат» Алесем Залеўскім.
Журналіста абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі без адпаведнай акрэдытацыі. Гэта ўжо другое па ліку пакаранне Залеўскага паводле артыкулу 22.9 часткі 2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Алесь Залеўскі з’яўляецца журналістам «Белсату», аўтарам і вядучым праграмаў «Людскія справы» і «Рэпартаж Залеўскага». Жыве ў Мінску.
Паводле слоў Алеся, у Слоніме ён здымаў рэпартаж пра злоўжыванні і карупцыю ў сферы ЖКГ, а пазней змясціў яго на YouTube. Неўзабаве пасля выхаду матэрыялу ў эфір на незалежным тэлеканале Белсат, працай журналіста зацікавілася мясцовая міліцыя, а 4 снежня журналісту паведамілі дату судовага працэсу.
Суд прызнаў Алеся Залеўскага вінаватым і пакараў яго штрафам у памеры 40 базавых велічынь (6 000 000 руб.).
Алесь Залеўскі адзначыў, што зыход судовага працэсу быў загадзя спланаваны: «Як паказаў сённяшні працэс, усё загадзя вырашана: у суда не было ніводнага доказу, што была трансляцыя, а толькі знайшлі відэа на Youtube. Наконт абскарджання буду раіцца з калегамі “Беларускай асацыяцыі журналістаў», ці варта з гэтым нешта рабіць, бо гэта ціск на ўсю журналісцкую супольнасць, а не адзінкавы выпадак».
Нагадаем, што на прыканцы верасня ў Слоніме быў зняты відэарэпартаж пра сітуацыю звязаную з рэканструкцыяй 4-х кватэрнага дому па вул. Танкістаў. Жыхары дадзенага дому падчас прыватызацыі даведаліся, што на рэканструкцыю дома нібыта было затрачана 530 мільёнаў рублёў. Аднак, па словах жыльцоў, не зразумела, адкуль узялася такая фантастычная сума. В дакументаціі напрыклад указана, што ў доме пастаўлены вокны з ПВХ, а іх і ў паміне няма.
У сувязі з гэтым, жыхары дома звярталіся ў розныя інстанцыі, каб дабіцца праўды і справядлівасці.