Алег Таргонскі: Хай дабро і дабрабыт прыйдуць у кожны дом

– Алег Мечыслававіч, менш чым год Вы кіруеце раёнам. Добрыя перамены ў раёне за гэты час бачны ўсім. Тым не менш, ці ўсё атрымалася, як хацелася б? Чым найбольш памятны для Вас адыходзячы год?

– Напярэдадні Новага года, як правіла, кожны чалавек падводзіць пэўныя вынікі. Калі коратка сказаць: па многіх пазіцыях удалося дасягнуць намечанага — у розных сферах зроблена нямала, па некаторых іншых — мы недапрацавалі.

Калі захоўваць храналогію, то ўсё пачыналася з непрыемнасцяў — падзенне коміна на кацельні камвольна-прадзільнай фабрыкі ў той час, калі ацяпляльны сезон не закончыўся. На працягу трох сутак аператыўна аднавілі падачу цяпла для паловы насельніцтва горада. Раённыя службы даказалі, што могуць справіцца з няштатнымі сітуацыямі.

Шмат было і прыемнага. Урачыста, як і ўся краіна, адзначылі 70-годдзе вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы 3 ліпеня адкрылі памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі ў Афганістане.

Думаю, запомніцца слонімцам тое маштабнае добраўпарадкаванне горада, якое ўдалося ўсім нам правесці. Няхай нехта напрамую ў ім і не ўдзельнічаў, але праз падаткі ўнёс уклад кожны. Мы зрабілі сучасны ўезд у Слонім з боку Ружан, капітальна адрамантавалі (з пракладкай інжынерных сетак) вуліцы К. Маркса, Васі Крайняга, частку Чырвонаармейскай. Сучасны выгляд набылі спарткомплекс, Цэнтр культуры і адпачынку, часткова адрамантавалі Дом Саветаў. Адкрылі цудоўны будынак драмтэатра. У Сялявічах пабудавалі бальніцу сястрынскага догляду, лазню, як і ў Партызанаўцы. У нашым горадзе пачаў дзейнічаць яшчэ адзін дом сямейнага тыпу. Рамантуецца тэрапеўтычны корпус райбальніцы. Перакладзены некалькі найбольш праблемных каналізацыйных калектараў. Увялі ў строй будынак пачатковай школы гімназіі. Будавалі жыллё, добраўпарадкоўвалі, дзякуючы філіялу “Слонімскае УМГ” ААТ “Газпрам Трансгаз Беларусь” зоны адпачынку каля вадаёмаў. Зроблена нямала іншага, але самае маштабнае будаўніцтва — Цэнтральная плошча горада. І як апафеоз усяму — абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2014”. І слонімцы, і госці былі аднадушныя — свята працаўнікоў вёскі ў Слоніме прайшло дастойна. А плошча, дзякуючы праектантам, будаўнікам, усім нам, атрымалася на славу і становіцца любімым месцам адпачынку слонімцаў. У гэтыя пераднавагоднія дні вакол галоўнай ёлкі горада, якая заззяла на плошчы рознакаляровымі агеньчыкамі, многа і дарослых, і дзяцей. Мы пастараліся і горад да свята ўпрыгожыць па-новаму.

Радуе тое, што многія працоўныя калектывы дастойна завяршаюць год. Як заўсёды, у авангардзе мэбельшчыкі — ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Слоніммэбля”. Выходзіць з крызісу ААТ “Слонімскі мясакамбінат”  — адзін з валаўтвараючых калектываў пачаў працаваць без страт, вядзе мадэрнізацыю вытворчасці, рамонт вытворчай базы. Спадзяюся, што ў наступаючым Новым годзе стабілізуецца эканамічная сітуацыя на двух буйных прадпрыемствах — ААТ “Слонімскі кардонна-папяровы завод “Альбярцін” і ААТ “Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка”, якія ў многім залежаць ад расійскага рынку і даволі істотна панеслі страты з-за падзення расійскага рубля. Вядома, Расія была, ёсць і будзе галоўным нашым гандлёвым партнёрам. Але трэба ў сучасных умовах мець заўсёды запасны варыянт збыту сваёй прадукцыі. Той жа “Альбярцін” аператыўна адрэагаваў на сітуацыю і знайшоў рынкі збыту ў Еўропе. На Італію, Саудаўскую Аравію выйшла камвольна-прадзільная фабрыка. Калі будзем працаваць па старынцы, нічога сёння не атрымаецца. Жыццё не стаіць на месцы, гэта як у спорце: прамарудзіш — і дагнаць саперніка ўжо вельмі цяжка. Лічу, што ў першую чаргу  з-за гэтага ўзніклі пэўныя праблемы на вінзаводзе, тут крыху спазніліся з мадэрнізацыяй, хаця ёсць небеспадстаўная надзея, што тая мадэрнізацыя, што ідзе на заводзе цяпер, сітуацыю паправіць. Трэба выпускаць тую прадукцыю, якая карыстаецца попытам. Працаваць на склад — шлях у нікуды.

Лозунг “Кадры вырашаюць усё” — бадай, сёння як ніколі актуальны.

 

Перспектыўны кіраўнік, які думае па-сучаснаму, здольны нацэліць людзей на эфектыўную працу, а людзі ў нас, паўтаруся, працавітыя. Іх трэба ўмець арганізаваць. Я ўжо казаў пра мясакамбінат, ёсць станоўчыя вынікі са зменай кіраўнікоў у быткамбінаце, на птушкафабрыцы. Хаця птушкафабрыка пакуль яшчэ вельмі праблемнае прадпрыемства. Сёння ў прамысловасці нам трэба не проста хутка ісці па шляху той жа мадэрнізацыі, трэба бегчы, інакш адыходзячы цягнік, што ўзяў курс на рынкавую эканоміку, пойдзе без нас. Цяпер яшчэ нам яго дагнаць можна і мы павінны гэта зрабіць. Невыпадкова тыя паказчыкі па прамысловасці, сельскай гаспадарцы, што давёў нам аблвыканкам на 2015 год, мы лічым мінімальнымі і ставім для сябе больш высокую планку. Сёння патрэбна якасная, запатрабаваная прадукцыя. Менавіта такую прадукцыю, спадзяёмся, пасля мадэрнізацыі будуць даваць і вінзавод, і камвольна-прадзільная фабрыка, і кардонна-папяровы завод. Задуманыя праекты павінны запрацаваць ужо ў другім паўгоддзі новага года.

Калі аналізуеш вынікі работы сялян, прыходзіш да высновы — у раслінаводстве поспехі ёсць. Вядома, сёлета надвор’е ў цэлым нам спрыяла, цудоўна перазімавалі збожжавыя культуры, рапс. У канцы сакавіка мы ўжо пачалі сеяць. У большасці земляробы гэта з поспехам скарысталі, нізкі паклон ім за працу. Сёлета кожны гектар даў хлеба на тону больш, чым у 2013 годзе, значна больш атрымалі высокаэфектыўнага рапсу, нядрэнны ўраджай і іншых культур. Праца сялян — самая цяжкая. Часта без свят і выхадных.

У жывёлагадоўлі — галіне, якая дае штодзённыя даходы, справы ідуць горш. Вясной у раёне атрымлівалі 82% малака ад узроўню 2013 года, цяпер, тры месяцы, як выйшлі на ўзровень мінулага года. Рух наперад ёсць, але недастатковы. Калі ў прамысловасці трэба бегчы, дык у сельскай гаспадарцы — бегчы вельмі хутка, каб дасягнуць тых рубяжоў у жывёлагадоўлі, якія былі ў пачатку 90-х гадоў на фоне абласных.

Нічога новага не скажу, недаатрымліваем мы найперш малако з-за няякасных кармоў, аслабленай работы па ўзнаўленню статку. Кормавытворчасць на Слонімшчыне запушчана, кармавыя ўгоддзі трэба запаўняць канюшынай, люцэрнай, пазбаўляючыся ад малапрадуктыўных злакавых траў. У кормавытворчасці будзем рабіць карэнную ломку.

Сёння практычна ў кожнай гаспадарцы ёсць сучасная ферма, у іх укладзены велізарныя сродкі, а ў некаторых гаспадарках дояць па 8-8,5 літра малака на карову. Ніякая эканоміка такога мізэру не вытрымае. Каб вырасціць карову, трэба тры гады. Гэта не значыць, што мы будзем чакаць лепшых вынікаў тры гады. Трэба максімальна выкарыстоўваць любы рэзерв. Недабор прадукцыі, недабор фінансаў цягнуць за сабой шлейф іншых праблем — без сродкаў не будуць развівацца ні эканоміка, ні сацыяльная сфера гаспадарак.

Сельская гаспадарка патрабуе рэфармавання. “СВ” ужо расказваў на сваіх старонках аб тым, што ў раёне плануецца пачаць у 2015 годзе будаўніцтва сумесна з беларуска-дацкім прадпрыемствам “Белдан” свінагадоўчага комплексу на 55 тысяч галоў. Атрымае развіццё інфраструктура населеных пунктаў Сасноўскай зоны. Праз пяць гадоў Слонімшчына здольна будзе даваць 10% ад усёй свініны, што дае вобласць.

Будзем аптымізаваць колькасць сельгасвытворцаў. І, вядома ж, вырашаць кадравую праблему, у тым ліку і ўпраўленцаў.

– Алег Мечыслававіч, Вы ўжо закранулі планы на 2015 год, расказалі пра сваё бачанне некаторых праблем. Слонімцы, безумоўна, цікавяцца, як у новым годзе будзе весціся далейшае добраўпарадкаванне горада?

– У 2014 годзе зроблена нямала. У тым ліку дзякуючы і “Дажынкам”. Пэўныя сродкі былі выдзелены з абласнога бюджэту. Я разумею, што слонімцы чакаюць прадаўжэння добраўпарадкавання. Работы будуць працягвацца, будзем шукаць рэзервы. Найперш будзем старацца зрабіць тое, што не церпіць адкладу. Павышаную ўвагу ўдзялім вуліцам, якія з-за рэльефу Слоніма найбольш церпяць ад дажджавых патокаў. Наўрад ці зможам заасфальтаваць усе такія вуліцы. У студзені мы зацвердзім гарадскую праграму добраўпарадкавання і абнародуем яе праз СМІ. Хацелася б, каб добраўпарадкаваннем займаліся не толькі камунальнікі, будаўнікі, але і ўсе жыхары Слоніма. Не маю на ўвазе ставіць бардзюры ці класці плітку, але зрабіць элементарнае можна: разам з дзецьмі выйсці на пасадку кветак у двары ці дрэўцаў, падабраць смецце — глядзіш, і рука хулігана не падымецца зламаць тое, што зроблена ўсімі і для ўсіх. Мы зрабілі два пляжы, падумаем, што можна зрабіць яшчэ. Трэба давесці да ладу стадыён “Дынама”, зрабіць скейтборд-пляцоўку, закончыць добраўпарадкаванне парку. Чым лепш мы будзем працаваць, тым больш мы зможам зрабіць для нашага горада.

Дарэчы, добраўпарадкаванне — гэта не толькі новыя дарогі, дзіцячыя пляцоўкі і г.д. У горадзе нямала невыкарыстоўваемых будынкаў: былыя Дом афіцэраў, будынак міліцыі, сінагога і інш. Усе іх трэба прывесці ў парадак. На плошчы Леніна стаяў многія гады недарэстаўрыраваны будынак. Знайшоўся прадпрымальнік, які хутка прывёў яго ў парадак. Будынак былой міліцыі стане гандлёвым цэнтрам. Дарэчы, у Слоніме ёсць некалькі прыватных прадпрыемстваў (па выпуску ПВХ-профілю, гафракардону і інш.), якія не толькі ўносяць немалы ўклад у раённы бюджэт, але і паказваюць прыклад работы ў сучасных умовах. Таму мы будзем усямерна падтрымліваць прадпрымальных людзей.

Не проста даецца работа па пошуку інвестараў на аднаўленне пустуючых будынкаў, але станоўчы вопыт ёсць і будзем яго развіваць.

Трэба неадкладна разбірацца і з інфекцыйным аддзяленнем бальніцы, яно на сёння ва ўмовах, якія не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Праблем многа, будзем разам працаваць над іх вырашэннем.

– Алег Мечыслававіч, як Вы адзначаеце Новы год?

– Відаць, як і большасць людзей — са сваёй сям’ёй. Не заўсёды, на жаль,  атрымліваецца сабрацца ўсім разам. Новы год плануем сустрэць дома, а затым прыйдзем на Цэнтральную плошчу, каб разам з усімі вітаць надыход новага 2015 года.

– Падарункі дорыце ў сям’і?

– Так. Хаця на гэтым не акцэнтуем увагу. Для мяне галоўны падарунак — каб былі здаровы нашы дзеці, наша ўнучка. Каб яны прыехалі, пабыць разам з імі — гэта цудоўна, гэта шчасце.

– Што пажадаеце слонімцам у новым годзе?

– Найперш хачу пажадаць слонімцам, каб былі здаровыя. Хачу, каб у кожнага было разуменне, што мы робім агульную справу, каб збыліся планы і мары людзей. Вельмі хачу, каб у нас былі мір, лад, спакой, узаемаразуменне і згода. Хай дабро і дабрабыт прыйдуць у кожны дом з Новым годам.

Аўтар: Васіль АФАНАСІК, http://www.slonves.by/

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика