6 студзеня 1914 года нарадзіўся беларускі пісьменнік, дысідэнт, вязень ГУЛАГу Тодар Лебяда (Пятро Шырокаў). У 1960-1962 гадах жыў у Слоніме, працаваў рэзчыкам паперы на КПЗ.
Тодар Лебяда скончыў Віцебскую сямігадовую школу і чыгуначнае рамеснае вучылішча. У 1933 паступіў у МВПІ. Пісаў нарысы і вершы, якія змяшчаў у газетах «Віцебскі рабочы», «Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі». Арыштаваны 31.10.1936 разам з А.Дударом. Асуджаны на 5 гадоў зняволення; накіраваны ва Ухтпечлаг. У 1940 па хадайніцтве жонкі прывезены ў Мінск для перагляду справы. З Мінска адпраўлены ў Чэрвень. Тут яго застала вайна. У час акупацыі жыў з сям’ёй у Віцебску; у 1943—44 рэдактар газеты «Беларускае слова». У гэтыя гады і напісаў асноўныя творы, у тым ліку п’есу «Загубленае жыццё» — першы антысавецкі твор у беларускай драматургіі (пастаўлена ў 1943 В.Селях-Качанскім). У 1944 апублікаваў паэтычны зборнік «Песьні выгнаньня». Выехаў на Захад у 1944. У канцы 1945 вярнуўся на Радзіму. У маі 1947 паўторна арыштаваны. Асуджаны ваенным трыбуналам войск МУС па Мінскай вобласці на 25 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў ў сібірскіх канцлагерах. У Беларусь вярнуўся ў 1960. Жыў у Слоніме, працаваў рэзчыкам паперы на кардоннай фабрыцы «Альбярцін». Напісаў п’есу ў трох актах «У нас, на Гродзеншчыне». У студзені 1962 пераехаў у Чэрвень, працаваў у раённай газеце. У канцы 1962 выехаў з Беларусі. Хварэў на сэрца, перанёс два інфаркты. Пахаваны ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага раёна Разанскай вобласці. Рэабілітаваны 12.7.1989.
6 студзеня 1943 года ў Мінску ў турме памёр уніяцкі святар, царкоўны дзеяч Антон Неманцэвіч. У 1930-х гадах жыў у Альбярціне, выдаваў часопіс “Да злучэння”.
Антон Неманцэвіч — каталіцкі святар усходняга абраду, манах-езуіт, першы экзарх Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы, доктар тэалогіі і права, рэлігійны і культурна-грамадзкі дзеяч, рэдактар, выдавец, педагог і публіцыст. Адзін з ініцыятараў і творцаў беларускага ўніяцкага руху Заходняй Беларусі.
Паходзіў з сям’і беларусаў-перасяленцаў з в. Парчэўцы (Сакольскі павет). Бацькі аддалі яго ў прыватную каталіцкую гімназію св. Кацярыны ў Пецярбургу.
Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. Высвячаны на святара 27 верасня 1915. У тым самым годзе далучаецца да беларускага руху. У 1918 — скончыў Петраградзкую каталіцкую духоўную акадэмію, стаў вікарыем парафіяльнага касцёлу св. Кацярыны ў Колпіне пад Петраградам. З 1918 нёс душпастырскае служэнне ў Маскве, дзе заангажаваўся ў працу найперш сярод дзяцей і моладзі.
Пераследаваўся бальшавікамі за рэлігійную дзейнасць. Першы раз арыштаваны 25 траўня 1919 — адседзеў у вязніцы 6 месяцаў. Пасля арышту біскупа Яна Цепляка спрабаваў пратэставаць. За гэта 31 траўня 1921 ізноў трапіў у вязніцу на колькі месяцаў. Пасля вызвалення прызначаны вікарыем парафіі св. Пятра і Паўла ў Маскве. Арыштаваны нанова ў 1923.
Дзякуючы абмену палітвязнямі ў 1925 перададзены Польшчы.
Па накіраванні мітрапаліта Эдварда Ропа паехаў у Рым на тэалагічныя студыі ў Папскім Ўсходнiм Iнстытуце, дзе стаў доктарам тэалогіі. Навуковую дысертацыю напiсаў на тэму «Бальшавiзм і выхаванне. Сучаснае бальшавіцкае заканадаўства ў Расеі адносна рэлiгiйнага і маральнага выхавання моладзі ў параўнаннi з правам Божым, прыродным і аб’яўленым». Абарона дысертацыi адбылася 2 лiпеня 1927 г. Затым з’яўляўся прафесарам у Люблінскім місійным інстытуце і адначасова працаваў як катэхет у школах. У 1928—1929 выкладаў параўнальную тэалогію ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.
У 1929 уступіў у ордэн езуітаў; прыняў усходні абрад. Парах грэка-каталіцкай царквы ў мяст. Альбярцін пад Слонімам, з 1933 — Сынкавіцкай царквы.
У 1932—1937 рэдактар і выдавец беларускага рэлігійнага часопісу «Да злучэньня». З 1934 — прафесар фундаментальнай тэалогіі і кананічнага права ў Папскай Усходняй семінарыі ў Дубне (Заходняя Ўкраіна).
У 1938 працягваў выдаваць забаронены часопіс «Да злучэньня» ў Варшаве пад назваю «Злучэньне».
З 1940 узначаліў Беларускі Экзархат Грэка-Каталіцкай Царквы (узведзены ў сан экзарха 17 кастрычніка 1940). За ім беларуская мова ўпершыню ў гісторыі Царквы ў Беларусі сталася афіцыйнаю ў справаводстве і ў царкоўным жыцці. Заснаваў «Апостальства малітвы за Беларусь».
Арыштаваны гестапа 4 ліпеня 1942 у Альбярціне. Доўгі час лічылася, што ён памёр у Бярліне ў вязніцы (згодна польскіх крыніцаў). Аднак дзякуючы апошнім знаходкам у беларускіх архівах выяўлена, што ён памёр, знясілены турэмнымі ўмовамі ў Менскай вязніцы СД ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці 6 студзеня 1943 (немцы ў афіцыйнай даведцы напісалі, што памёр ад тыфу, на які святар меў імунітэт, бо перахварэў ім у дзяцінстве). Пахаваны 9 студзеня 1943 на нямецкіх могілках у Менску святаром мясцовай праваслаўнай Царквы.