Сланімчанка: “Тут я адчуваю сябе чужою толькі з-за таго, што размаўляю па-беларуску”

У Слоніме на вуліцы Чырвонаармейскай ёсць звычайны магазін, у якім можна набыць рэчы першай неабходнасці, лекі і адзенне. Незвычайным у магазіне падаецца тое, што прадавец адной з крамаў размаўляе са сваімі пакупнікамі на чыста беларускай мове.

Не заўважыць гэтага немагчыма, бо наогул беларускамоўнага прадаўца, а тым больш у Слоніме, сустрэць цяжка. Вольга Мысліцкая, з якой мы тут жа пазнаёміліся і разгаварыліся, аказалася цікавым чалавекам з хвалюючым лёсам. З маленства яна палюбіла Беларусь і яе мову і гэту любоў захавала ў сваім сэрцы да сённяшняга часу. Тут жа, у краме, Вольга Рыгораўна пагадзілася падзяліцца з чытачамі “ГС” сваёй жыццёвай гісторыяй. А мне, у сваю чаргу, вельмі прыемна перадаць чытачам наш дыялог, у якім чырвонай ніткай праходзіць незвычайная любоў да беларускай мовы. Пагутарыўшы з Вольгай, я яшчэ доўга нават думала па-беларуску.

— Вольга Рыгораўна, чым або кім выклікана Ваша любоў да мовы?

— Мой тата родам з Украіны, а радзіма мамы — Беларусь. Калі мне было сем гадоў, разам з бацькамі мы пераехалі жыць на матуліну ра-дзіму. У першы час мне было незвычайна чуць беларускую мову ў школе. Але ў нас была настаўніца, якая добра выкладала свой прадмет і любіла сваіх вучняў. Да сённяшняга дня памятаю сваю пяцёрку за першы беларускі дыктант. Мілагучныя словы, як, на-прыклад, “зорачка”, “ чараўніца”, усхвалявалі маё сэрца. З таго часу і пачаўся мой шлях да мовы, і адсюль жаданне ў будучыні стаць настаўніцай.

— Ваша жаданне споўнілася?

— Так, споўнілася. Мне асабліва прыемна было вучыцца ў Ваўкавыскім педагагічным каледжы, дзе ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Далей вучыцца ва ўніверсітэце ў Мінску не атрымалася, патрапіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна. Выкладчыкі там проста жылі беларускай мовай… І вядома, пайшла працаваць у школу ў Зэльвенскім раёне, дзе і адпрацавала 12 гадоў. Але ў 2006 годзе нашу школу ў вёсцы Старое Сяло закрылі.

— І як далей склаўся Ваш шлях?

— Я яшчэ спрабавала працаваць у зэльвенскай гімназіі настаўнікам рускай мовы. Але, на мой погляд, дзеці там таленавітыя, і выкладаць на рускай мове не вырашыла — зразумела, што не магу ім даць больш, чым яны ведаюць. Можа, з тых часоў і закончыўся мой выкладчыцкі шлях. Пасля друкавалася ў зэльвенскай газеце “Праца”. Потым жыццё накіравала ў Гродна, знайшла там працу выхавацеля ў Каледжы камунальнай гаспадаркі, але і гэта было не маё. Многа чаго бачыла, і многа месцаў працы прыйшлося змяніць. У школу вярнуцца ўжо не магла — настаўніцкая праца змянілася больш на фармальную папяровую справу. Але цёплыя ўспаміны пра сваіх вучняў усё ж не пакідаюць мяне. Разам са сваімі вучнямі мы аб’ездзілі ўвесь Зэльвенскі раён, былі паходы і пешыя, і веласіпедныя. Ды і пры сустрэчы некаторыя сёння гавораць, хто хадзіў на літаратурныя гурткі: “А помніце, мы з вамі вершы чыталі…“

— Адчуваецца, што беларуская мова — гэта частка Вашага жыцця, і нядзіўна, што вучні выклікаюць у Вас такія ўспаміны. Адкажыце, калі ласка, як рэагуюць пакупнікі і людзі, калі чуюць беларускія словы?

— Для мяне існуе дзве Ра-дзімы — і Украіна, і Беларусь, але тут я адчуваю сябе чужою — і толькі з-за таго, што пераважна размаўляю па-беларуску. Чамусьці часцей рэжа слых людзям беларуская мова. Неаднойчы да мяне падыходзілі і пыталіся: “Можа, вы з партыі БНФ ці займаецеся палітыкай?” Горка такое чуць, бо я зусім ніякім чынам з палітыкай не звязана, а проста размаўляю на роднай мове. Адчуваецца нейкая цяжкасць ад гэтага, нават у той самай Украіне людзі больш добразычлівыя. Успамінаецца, як я нейкі час, калі была ў Адэсе, размаўляла там па-руску, дык адэсісты распазналі мой беларускі акцэнт і прасілі, каб размаўляла на сваёй мове, якая з маіх вуснаў ім падабалася. А мы беларусы і саромеемся сваёй мовы. Калі мая сям’я некаторы час пражывала ў Гродне, мае дзеці прасілі, каб я ў школе размаўляла па-руску. Яны не хацелі лішніх позіркаў і пытанняў, чаму іх мама гаворыць не так, як усе.

— І ўсё ж, нягледзячы на гэта, ці сустракаюцца Вам людзі, таксама, як і Вы, улюбёныя ў мову?

— Вядома, сустракаю. Нядаўна ў Гродне бачыла білборды на беларускай мове “Мама = мова. Любіш маму?” Гэта не рэклама, а прапанова любіць і шанаваць сваю мову. Ад убачанага адчула душэўны боль у сэрцы і слёзы выступілі на вачах. Шкада, што 20 гадоў назад пачалі праграму па ўкараненні беларускай мовы ў садках, школах, але так і не прыйшлі да гэтага, бо на сённяшні дзень ва ўніверсітэтах навучанне прапануецца на рускай мове.

— Вольга Рыгораўна, падзяліцеся сваімі думкамі наконт таго, ці зменяцца адносіны беларусаў да сваёй мовы.

— Трэба, каб людзі самі хацелі гаварыць на роднай мове, а ўлады гэтаму спрыялі.

Памятаю, як нас вучылі: мы частка Расіі. Але гэта не так: Мы — Беларусь, і каб гэта зразумець, трэба быць беларусам! Я часта на гэта кажу: чытайце беларускую класіку — Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Андрэя Макаёнка, тады зразумееце беларускую душу. Немагчыма застацца раўнадушным, прачытаўшы твор Уладзіміра Караткевіча “Чазенія”. Пасля гэтага твора хочацца пісаць вершы пра краіну, каханне і ўсё, што ёсць добрае навокал. А самае асноўнае — хочацца гаварыць на гэтай мове. У параўнанні з іншымі славянскімі мовамі, беларуская мова, на мой погляд, больш мілагучная і больш жывая ў маўленні.

Аўтар: “Газета Слонімская”

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика