
У нядзелю, 1 лютага, у Слоніме адбылася прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца “Беларуская глыбіня”, якую ён напісаў падчас ссылкі за Плошчу 2010 года. На прэзентацыю прыйшлі сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл.
Пісьменнік, былы палітвязень і сустаршыня БХД Павел Севярынец, распавёў прысутным пра змест кнігі і акалічнасці, звязаныя з яе напісаннем.
Кніга «Беларуская глыбіня» складаецца з 84 эсэ, прысвечаных беларускай гісторыі, знакамітым асобам, нацыянальнай ідэі і духоўнасці.
Падчас сустрэчы Павел Севярынец адказаў на пытанні слонімцаў, звязаныя з грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй на Беларусі. Адбылася размова пра сённяшнія сацыяльныя праблемы слонімцаў і шляхі іх вырашэння.
У канцы сустрэчы, жадаючыя маглі атрымаць “Беларускую глыбіню” з аўтографам аўтара. Трэба адзначыць, што ў Слоніме адбылася 43-я па ліку прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца.