Сёння мы размаўляем са старшынёй зусім яшчэ маладой, але ўжо пераканаўшай у недарэмнасці свайго існавання, Слонімскай ячэйкі прафсаюза РЭП Міхаілам Сашко.
— Міхаіл Паўлавіч, распавядзіце, калі ласка, пра нядаўна створаную ў Слоніме ячэйку прафсаюза РЭП.
— Афіцыйна наша слонімская ячэйка існуе з лістапада 2014 года, але я ўжо два гады з’яўляюся сябрам незалежнага прафсаюза, са мной ужо год мой сын. Кіраўніком прафгрупы я абраны не так даўно – у пачатку лістапада мінулага года на сходзе, калі яна, прафгрупа, толькі пачынала сваё афіцыйнае існаванне. Цяпер наша ячэйка налічвае 13 чалавек.
— Якія ў вас былі мэты, калі вы стваралі ячэйку?
-Перш за ўсё, гэта дапамога ў адстойванні законных праў і інтарэсаў працоўных, атрыманне справядлівых заробкаў, юрыдычная дапамога. Я не юрыст, але, дзякуючы практыцы, ужо ведаю, па якіх пытанях у якія дзяржаўныя органы звяртацца. Раю людзям, калі ў іх праблемы на працы, што рабіць у той, ці іншай сітуацыі.
— Як вы лічыце, чаму людзі звяртаюцца да вас, а не ў афіцыйны прафсаюз?
-Тут як прыклад, Слонімскае ЖРЭА. Афіцыйны прафсаюз гэта хто? Гэта той жа намеснік дырэктара, які і з’яўляецца кіраўніком прафсаюза. Яны, афіцыйныя прафсаюзы, падначаленіыя кіраўніцтву, або той жа вертыкалі ўлады, гэта адно з яе адгалінаванняў. А незалежны прафсаюз выконвае сваю ролю ў поўным памеры, адстойваючы інтарэсы працоўных.
— Ці адчуваеце вы на сабе нейкі прыгнёт з боку ўлады?
-На тых нашых сябраў, што выйшлі з афіцыйнага і ўвайшлі ў наш незалежны прафсаюз, вядома, аказваўся ўціск. Нават пагражалі звольніць з працы, высяліць з інтэрнату. Некаторых людзей яны ўсё ж такі вярнулі ў свой прафсаюз. Хто пажадаў застацца ў нашым, былі пераведзеныя на працу ў іншыя інтэрнаты.
— Па ўставе прафсаюза РЭП магчыма членства і ў афіцыйным, і ў незалежным прафсаюзе. Ці мае месца такое двайное членства ў вашай ячэйцы?
— Так, у нашым прафсаюзе гэта ёсць. Вядома, імёны мы не афішыруем, бо па ўставе дзяржаўных прафсаюзаў двайное членства немагчымае.
— Міхаіл, скажыце, калі ласка, а што паслужыла штуршком да барацьбы вашага прафсаюза са Слонімскім ЖРЭА?
— Штуршком паслужыла ўведамленне аб масавым скарачэнні швейцараў інтэрната, што належыць Слонімскаму ЖРЭА. Справа ў тым, што людзі там працуюць розныя. Не паглядзелі на тое, што шмат у каго ёсць дзеці. Некаторыя былі пераведзены на працу швейцара па стане здароўя, а тут іх раптам збіраюцца звольніць. І куды ім ісці? Людзі пачалі шукаць дапамогі ў нас, бо ў афіцыйным прафсаюзе дапамогі не знайшлі.
— Ці прынесла барацьба плён?
— Так. Я лічу, што дзякуючы нашым сумесным намаганням, было адменена рашэнне аб масавым скарачэнні. На сённяшні дзень усе работнікі засталіся на працоўных месцах. Трынаццатага сакавіка у большасці з іх сканчваюцца кантракты і ім прапануюць падпісаць іх на тры гады. Два чалавекі ўжо падпісалі.
Аўтар: http://praca-by.info/