6 сакавіка 1883 года ў вёсцы Варонічы Слонімскага павета нарадзіўся Янка Бялькевіч — беларускі мовазнавец, аўтар “Краёвага слоўніка Усходняй Беларусі” (1970). Быў рэпрэсіраваны савецкай уладай.
У 1909 скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю; выкладаў у школах Слонімшчыны. З 1915 у эвакуацыі ў Саратаўскай губ. (Расія), у 1919—20 зноў на Слонімшчыне. Са жніўня 1920 працаваў у Наркамаце асветы БССР, у школах Мінска. У пачатку 1920-х г. быў членам БПС-Р. У 1925 скончыў этнолага-лінгвістычнае аддзяленне БДУ. У 1925—27 выкладчык і дырэктар Мсціслаўскага педтэхнікума. З 1927 навуковы супрацоўнік Інбелкульта і Інстытута мовазнаўства АН БССР. Вывучаў дыялекталогію і культуру беларускай літаратурнай мовы. Аўтар «Краёвага слоўніка Усходняй Магілёўшчыны» (падрыхтаваны ў 1920-х г., выдадзены ў 1970). Арыштаваны ДПУ БССР 17.2.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Вінаватым сябе не прызнаў. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Іашкар-Алу. Працаваў на лесапавале. Пасля вызвалення выехаў у Данецкую вобласць, дзе выкладаў у школах рускую мову і літаратуру. У 1948—58 працаваў у розных навучальных установах Жданава. Да канца жыцця не атрымаў дазволу вярнуцца на Радзіму. Рэабілітаваны 19.9.1960.