8 сакавіка 1992 года памёр Міхась Ракевіч з вёскі Ваўчкі — удзельнік патрыятычнага падполля 1946-1947 гадоў у Заходняй Беларусі, вязень сталінскіх лагераў. Пахаваны ў вёсцы Клепачы.
Ракевіч Міхась адзін з ініцыятараў заснавання і актыўны ўдзельнік беларускага патрыятычнага падполля 1946-1947 у Заходняй Беларусі. Вучыўся ў Азярніцы і Слоніме. Да 1944 скончыў тры курсы Слонімскай настаўніцкай семінарыі. З 1945 — навучэнец Берасцейскага чыгуначнага тэхнікуму. У пачатку 1946 — удзельнік стварэння беларускага патрыятычнага сацыял-дэмакратычнага падполля пад канспірацыйным назовам «Чайка» ў Слоніме. У тым жа годзе ім было створана аналагічнае падполле і пры Берасцейскім чыгуначным тэхнікуме. Прымаў актыўны ўдзел у кіраўніцтве падпольным рухам і заснаванні Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР), у якім быў намеснікам кіраўніка Цэнтру па вайсковых пытаннях.
Арыштаваны баранавіцкім абласным аддзелам МГБ у чэрвені 1947. Да суду ўтрымліваўся ў баранавіцкім следчым ізалятары «Крывое кола». М.Ракевіч, як і ўсе ўдзельнікі падполля, быў абвінавачаны паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР (цывільная здрада радзіме і антысавецкая агітацыя); засуджаны ваенным трыбуналам на закрытым працэсе 16-18.10.1947 у Баранавічах да 25 гадоў зняволення і 5 гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці.
Пакаранне адбываў у турмах гарадоў Баранавічы і Ворша, у кацлягерох № 2 і № 3 у Інце (Комі АССР); працаваў на шахтах. Вызвалены са зняццем судзімасці паводле рашэння камісіі Вярхоўнага Савету СССР у 1956. Пасля вызвалення застаўся працаваць на шахтах «Інтавугаль» на пасадзе памочніка начальніка вэнтыляцыі шахты. Там жа скончыў горны тэхнікум і ажаніўся. Рэабілітаваны ў 1975. У Слонім вярнуўся ў 1988.