Жыхары Слоніма патрабуюць дадатковых цягнікоў

Жыхары Слоніма, Зэльвы і Ваўкавыска, найперш моладзь, устрывожаны тым, што Беларуская чыгунка адмяніла рух некаторых цягнікоў па маршруце Гродна-Ваўкавыск-Слонім-Мінск.

Зусім нядаўна Беларуская чыгунка пусціла новы цягнік Гродна-Мінск праз Ліду і Маладзечна, а Ваўкавыск, Зэльва і Слонім засталіся ўбаку. Хаця праз Ліду сёння на Мінск рухаецца 5 цягнікоў, а праз Маладзечна 19 цягнікоў і 23 дызелі. А праз Ваўкавыск, Зэльву і Слонім, дзе разам пражываюць каля 200 тысяч чалавек, ідзе толькі 2 цягнікі: адзін у 02.11 ночы, другі па выхадных днях і прыязджае ў Мінск у 00:08. Дызелі, якія ідуць у накірунку Гродна-Ваўкавыск-Зэльва—Слонім-Баранавічы пастаянна скарачаюць, а для тых, якія ёсць – зусім непрадуманы іх час адпраўлення і руху. Вячэрні дызель прыязджае ў Баранавічы ў 19:15, дызель з Баранавіч у 20:37. Такім чынам, каб даехаць са Слоніма ў Мінск (190 км) неабходна затраціць больш за 5 гадзін.

Раней курсіраваў ранішні цягнік са Слоніма і Ваўкавыску, але гэты маршрут ліквідавалі. Два гады таму курсіраваў цягнік Гродна-Феадосія, які карыстаўся вялікім попытам у пасажыраў са Слоніма, Зэльвы і Ваўкавыска, але і яго ліквідавалі.

Жыхары Ваўкавыска, Зэльвы і Слоніма пачалі збор подпісаў у адрас Беларускай чыгункі, каб яе кіраўніцтва тэрмінова пераглядзела рух цягнікоў праз Слонім, Зэльву і Ваўкавыск.

Міхась Акулка

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика