На журналістку “Газеты Слонімскай” падалі ў суд

16 красавіка ў судзе Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці пачнецца разгляд зыскавай заявы кіроўцы рэйсавага аўтобуса г. Слоніма да журналісткі недзяржаўнай “Газеты Слонімскай”.

Падставай для звароту ў суд стала публікацыя «Равнодушие пугает» у “ГС” №9 ад 4 лютага 2015 года за подпісам Таццяны Плахетка.

У артыкуле журналістка апісвала сітуацыю з удзелам сваёй 7-гадовай дачкі: дзяўчынка ехала ў аўтобусе без бацькоў і не змагла выйсці на патрэбным прыпынку ля школы, бо кіроўца на ім не спыніўся. Акрамя таго, паводле журналісткі, пазней ён праігнараваў яе просьбу ператэлефанаваць, хаця яна перадала нумар тэлефона праз дыспетчара аўтапарка.

На думку зыскоўца, у артыкуле распаўсюджаныя звесткі, «якія не ў поўнай меры адпавядаюць рэчаіснасці» і зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Ён сцвярджае, што ніякага нумару тэлефона яму не перадавалі і ніякага дзіцяці ў салоне аўтобуса ні ён, ні кандуктар не заўважылі. Ён бачыць сваю віну толькі ў тым, што не спыніўся на прыпынку, за што яму ўжо зрабілі заўвагу на працы.

Кіроўца хоча, каб суд абавязаў выданне абвергнуць звесткі пра тое, што ў салоне аўтобуса знаходзілася дзіця, «бо гэтая абставіна нічым не пацвярджаецца». Таксама ён дамаецца, каб журналістка прынесла яму прабачэнні, выплаціла кампенсацыю маральных стратаў у памеры 5 млн. рублёў і пакрыла судовыя выдаткі (дзяржаўная пошліна ў памеры 540 тыс. рублёў).

Галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук лічыць прэтэнзіі да журналісткі выдання беспадстаўнымі і спадзяецца, што суд разбярэцца ў сітуацыі справядліва.

Аўтар: http://www.baj.by/

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика