
Слонімец сабраў звесткі пра беларускую прыроду за тысячу гадоў
Унікальную кнігу выдаў беларускі пісьменнік са Слонімшчыны Уладзімір Ягоўдзік (нарадзіўся ў вёсцы Кастровічы). Яна называецца “Быў знак на небе, або Прырода Беларусі ў з’явах і падзеях”.
Пісьменнік сабраў найцікавейшыя звесткі пра беларускую прыроду за тысячу гадоў, занатаваных у розных летапісах і старонках друкаваных выданняў. Падобнага выдання ў Беларусі яшчэ не было. Гэта своеасаблівы летапіс-энцыклапедыя, пачынаючы з 1002 і да 2000 гадоў. Як напісаў у прадмове да выдання вядомы беларускі літаратар Віктар Карамазаў, кніга Уладзіміра Ягоўдзіка “дае нам не толькі багатыя веды сваёй святой мінуўшчыны, але і вучыць, як трэба жыць у гармоніі з зямлёй і небам, роднай прыродай”.
Кніга Уладзіміра Ягоўдзіка прыгожа аздоблена каляровымі сучаснымі фотаздымкамі беларускай прыроды, а таксама ў афармленні выкарыстаны малюнак з “Радзівілаўскага летапісу” і гравюры беларускага мастака 17 – пачатку 18 стагоддзяў Аляксандра Тарасевіча з серыі “Месяцы года”, надрукаваныя ў кнізе “Rosarium” (1672).
Сяргей ЧЫГРЫН