
26 красавіка ў Слоніме адбыўся дзіцячы шахматны турнір. Важкі ўдзел у яго арганізацыі прыняў слонімскі шахматыст — аматар Уладзімір Літвін. Менавіта Літвін звярнуўся ў Слонімскі райвыканкам з ініцыятывай правядзення падобных спаборніцтваў з мэтай папулярызацыі шахмат у Слоніме сярод моладзі.
Уладзімір займаецца шахматамі даўно, мае спартыўны разрад, неаднаразова станавіўся прызёрам гарадскіх і абласных спаборніцтваў. Акрамя таго, Літвін патрыёт сваёй краіны. Вось і дадзеныя спаборніцтвы ён хацеў правесці ў памяць аб даўняй падзеі — наданні Слоніму Магдэбургскага права.
Адказныя работнікі выканкама падтрымалі ініцыятыву. Турнір павінен быў адбыцца ў раённым фізкультурна-спартыўным клубе, пра што былі дадзены аб’явы ў слонімскай прэсе і на тэлебачанні. Аднак у апошні момант месца правядзення турніру было перанесена ў слонімскі цэнтр культуры і адпачынку. Трэба думаць з мэтай паляпшэння ўмоў для іх правядзення: там сапраўды зала пабольш і лепей. Вось толькі забыліся папярэдзіць аб гэтым ініцыятара спаборніцтваў, мабыць у спешцы.
У цэлым, дзякуючы намаганням арганізатараў, турнір удаўся. Прысутнічалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, работнікі выканкама, журналісты. Маленькія шахматысты змаглі паказаць годны ўзровень падрыхтоўкі і добрую гульню. І хто ведае, можа хто-небудзь з іх у будучыні стане шахматным чэмпіёнам.
Праўда, не абышлося, як водзіцца, і без лыжкі дзёгцю. Так, абсалютна незразумелай, з пункту гледжання здаровага сэнсу, выглядае смешная рэакцыя аднаго з мясцовых «босаў». Ён катэгарычна забараніў Літвіну, пад пагрозай вызаву АМАПа, ўручэнне падрыхтаваных ім прызоў для пераможцаў турніру. Таксама незразумела відавочна празмерная прысутнасць на спаборніцтвах супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Іван Шэга