Слонімскія гісторыкі вярнулі новае імя ў беларускую літаратуру

У мінскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў з друку зборнік твораў “Прыкрыты сэрца боль” невядомага раней і забытага паэта былой Заходняй Беларусі Язэпа Вількоўшчыка (сапраўднае прозвішча Іосіф Вількоўскі, 1898-1984).

Справа ў тым, што на старонках беларускіх віленскіх выданняў 1920-х—1930-х гадоў шмат друкавалася аўтараў пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі, сапраўдныя прозвішчы якіх да сённяшніх дзён нерасшыфраваныя, нераскрытыя, застаюцца нам невядомымі. Гэта дзесяткі паэтаў, празаікаў, простых карэспандэнтаў з розных рэгіёнаў былой Заходняй Беларусі, якія дасылалі навіны са сваіх вёсак, мястэчак, гарадоў. Дзякуючы вядомым даследчыкам нашай гісторыі і літаратуры са Слоніма Сяргею Яршу і Сяргею Чыгрыну, не знікла ў невядомасць і творчасць паэта Язэпа Вількоўшчыка, які ўсё жыццё пражыў у Слоніме і пра яго мала хто ведаў. Гэта яго дзесяткі лірычных вершаў і розных баек друкаваліся ў віленскіх календарах, калектыўных зборніках, у  часопісах “Шлях моладзі”, “Нёман”, “Беларуская крыніца”, “Хрысціянская думка” і іншых. Пад сваімі творамі ён рэдка ставіў уласнае прозвішча Язэп Вількоўскі, часцей за ўсё ён падпісваўся Язэп Вількоўшчык, Я.Вількоўшчык, Vilkouscyk J, Vilkoscyk Jazep, J.V, Я.В.

v

Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын дбайна сабралі вершы, байкі, гістарычныя абразкі пад адну вокладку, напісалі прадмову, каментар, склалі бібліяграфію друкаваных твораў Язэпа Вількоўшчыка і выдалі зборнік “Прыкрыты сэрца боль”. Даследчыкі вярнулі яшчэ адно імя ў гісторыю беларускай літаратуры, у гісторыю нашай Бацькаўшчыны.

Ганна САЙ

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика