25 траўня 1905г. — нарадзіўся беларускі паэт, грамадскі дзеяч у Канадзе Сяргей Хмара (Сяргей Сіняк). У 1930-1940-я гады жыў у Слоніме.
Нарадзіўся ён ў 1905 годзе ў Казлоўшчыне (зараз Дзятлаўскi раён Гродзенскай вобласцi).
У 1925 годзе засноўваў беларускія нелегальныя школы. Актыўны ўдзельнік Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады.
Арганізатар Таварыства Беларускай Школы, быў інструктарам Галоўнай управы Таварыства Беларускай Школы ў Вільні, удзельнічаў у канферэнцыі Грамады ў Баранавічах, быў сакратаром пасольскага клуба “Змаганне”.
У сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя С. Хмара арганізаваў на Слонімшчыне 32 гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У Слоніме паэт жыў з канца 30-х і ў пачатку 40-х гадоў.
1928 год – падсудны ў цэнтральным працэсе Грамады ў Вільні, арганізатар беларускіх кааператываў на Палессі.
Спрабаваў заснаваць Беларускую гімназію ў Пінску і выдаваць там-жа беларускі часопіс.
1932 год – удзельнік 2-га працэсу Б. Тарашкевіча — сесія у Пінску (зняволянне: Пінск, Сельцы, Грудзёндз. Быдгашч. Рэдактар 3-х турэмных часопісаў.),
1937 г. – лагер Картуз-Бяроза,
1939 г. – «вызваленне» і турма ў Мінску.
У 1939 годзе выдаў у Вільні свой першы паэтычны зборнік “Жураўліным шляхам”.
У гады Другой сусветнай вайны ў Слоніме працаваў на раённым радыё, а таксама быў дырэктарам Слонімскай гарадской управы. Прымаў удзел у палітычным кіраўніцтве партызанкі, арганізатар Брыгады Беларускае Самаабароны. Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.
За сваю беларускую творчую і палітычную дзейнасць пры паляках, пры немцах і пры саветах С. Хмара-Сіняк адседзеў у турмах каля 11 гадоў.
Пасля вайны Сяргей Хмара жыў у Германіі, а потым у Канадзе, дзе разгарнуў кіпучую дзейнасць па стварэнню беларускіх часопісаў, аб’яднанняў і інш.. Выдаваў у Таронта газету “Беларускі голас” і часопіс “Баявая Ўскалось”. У 1986 годзе выдаў кнігу “Аб Богох крывіцкіх сказы”.
Памёр у Таронта 4 верасня 1992 года.