29 ліпеня 1960 года ў ЗША памёр рэлігійны дзеяч Хведар Данілюк з Сурынкі.
Нарадзіўся Хведар Данілюк 12 жніўня 1887 году ў сяле Сурынка Слонімскага раёну ў беларускай сялянскай сям’і Васіля і Агрыпіны. Ягоны бацька падарваў здароўе ў царскім войску, таму ўвесь цяжар працы па гаспадарцы, выхаванні і доглядзе дзяцей несла на сваіх плячах маці. Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, у доме Данілюкоў панаваў дух згоды і сямейнага ладу, дзеці выхоўваліся на хрысціянскіх традыцыях, у павазе да сваіх бацькоў і людзей сталага ўзросту, у любові да сялянскай працы. Яшчэ змоладу Хведар меў схільнасць, каб прысвяціць сябе служэнню Богу, пайсці ў духоўнікі. Скончыўшы народнае вучылішча ў Сурынцы, Данілюк паступае ў духоўную школу пры Жыровіцкім манастыры. Адначасова з асноўнай вучобай ён наведвае курсы псаломшчыкаў. Дзякуючы свайму прыгожаму і высокаму голасу Хведар быў прыняты спяваць у манастырскі хор. Пасля заканчэння духоўнай школы Данілюк некаторы час працуе настаўнікам у пачатковай школе ў в. Забульле на Слонімшчыне, пасля служыць псаломшчыкам у праваслаўным прыходзе в. Гліннай Кобрынскага павету.
21 верасня 1921 года ён быў высвечаны гродзенскім епіскапам Уладзімірам у святары. У міжваенны час Хведар Данілюк ачольваў праваслаўныя прыходы на Слонімшчыне. А ў 1942 годзе, у якасці прадстаўніка ад Навагрудскай епархіі, удзельнічаў у Беларускім праваслаўным саборы ў Мінску, на якім была абвешчана БАПЦ. Пасля вайны з сям’ёй жыў у ЗША, дзе займаўся царкоўнымі справамі.