9 жніўня 1890 года ў Чамярах нарадзіўся дзеяч заходнебеларускага нацыянальнага руху, актывіс Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады Максім Бурсевіч. Загінуў падчас сталінскіх рэпрэсій.
Максім Бурсевіч скончыў Слонімскае вучылішча. З 1911 настаўнічаў на Палессі. У 1915—1921 гадах жыў на Украіне (Харкаўшчына). Вярнуўся на Радзіму ў 1921годзе. Працаваў настаўнікам на Віленшчыне. У першай палове 1920-х г. двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі за спробы арганізаваць прыватныя беларускія школы на Навагрудчыне і Слонімшчыне. У 1925 увайшоў у актыў Беларускага пасольскага клуба. З 1926г. член БСРГ, кіраўнік яе Цэнтральнага сакратарыята. Арыштаваны польскімі ўладамі ў лютым 1927г. На «працэсе 56-і» ў 1928г. прыгавораны да 8 гадоў турмы, у 1929 годзе апеляцыйны суд скараціў тэрмін да 4 гадоў. Пасля вызвалення жыў у Вільні. У 1931 у выніку абмену палітвязнямі трапіў у СССР, жыў у Мінску. Працаваў у Дзяржплане БССР і ў Камісіі па вывучэнні Заходней Беларусі пры АН БССР. Арыштаваны ДПУ БССР 21 жніўня 1933г. па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Прысуджаны 9 студзеня 1934г. да расстрэлу, які быў заменены 10 гадамі зняволення. Пакаранне адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. 9 кастрычніка 1937 году зноў прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны па абодвух прысудах 16 жніўня 1956 году.