КРАЯЗНАЎЧЫ КАЛЯНДАР

12 жніўня 1877 года ў Сурынцы нарадзіўся рэлігійны і вайсковы дзеяч, удзельнік Слуцкага паўстання, адзін са стваральнікаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы на эміграцыі Тодар Данілюк.

Тодар Данілюк  скончыў духоўную семінарыю пры Жыровіцкім манастыры. Працаваў настаўнікам, псаломшчыкам. Са жніўня 1914 года быў у войску. Скончыў Гатчынскую вайсковую школу. У жніўні 1917 года ўдзельнічаў у з’ездзе беларусаў-вайскоўцаў у Маскве. З кастрычніка 1917 года на Румынскім фронце, камісар 4-га беларускага корпусу. пасля дэмабілізацыі якога ў красавіку 1918 года выехаў у Таганрог, дзе на той момант жыла ягоная сям’я. У верасні 1918 года разам з сям’ёй вярнуўся ў в. Вярэйкі Ваўкавыскага павету. У снежні 1918 года выступіў адным з арганізатараў сялянскага павятовага з’езду ў Ваўкавыску. На з’ездзе была створана Ваўкавыская беларуская сялянская павятовая рада, старшынём якой ён быў абраны. Сябра Ваўкавыскага БНК. З 1 мая 1919 па 23 (28) мая 1920 года служыў у літоўскім войску, дзе атрымаў званне лейтэнанта, у тым ліку – у беларускім конным эскадроне ў горадзе Алітас. У маі 1920 года па заданню прадстаўніцтва БНР у Коўне Т. Данілюк нелегальна перабіраецца ў Мінск. Быў залічаны рэзервовым афіцэрам БВК. У час летняга наступлення Чырвонай Арміі заставаўся на Слонімшчыне, але быў арыштаваны бальшавікамі. Восенню 1920 года знаходзіўся ў складзе БВК у Лодзі. Удзельнік Слуцкага паўстання ў лістападзе 1920 года. Пасля ліквідацыі БВК вярнуўся да сваёй сям’і ў в. Вярэйкі, дзе заняў пасаду псаломышчыка ў мясцовай царкве. У 1922 – 1939 гадах служыў настаяцелям прыходаў на Слонімшчыне і Навагрудчыне. У 1936 годзе быў арыштаваны польскімі ўладамі на 6 месяцаў. У 1939 годзе арыштоўваўся органамі НКУС. У жніўні – верасні 1942 года ад Навагрудскай епархіі ўдзельнічаў у саборы беларускага духавенства ў Мінску, на якім была абвешчана БАПЦ. Летам 1944 года выехаў у Германію. Лейтэнант Беларускай краёвай абароны. Працаваў на фабрыке, чыгунке і інш. Адзін з ініцыятараў аднаўлення БАПЦ на эміграцыі, удзельнік царкоўнага сабору ў Канстанцы ў 1948 годзе. З 1950 года ў ЗША. Стваральнік і настаяцель парафіі БАПЦ св.Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Йорк). Сябра епархіяльнай управы БАПЦ у ЗША і Канадзе, кіраўнік царкоўна-судовага аддзелу епархіі. Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансвіку каля Нью-Йорку. Аўтар успамінаў «Мае ўспаміны аб службе ў беларускіх вайсковых фармацыях і ўдзеле ў беларускім збройным змаганьні. 1917 – 1921».

Памёр і пахаваны ў ЗША.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика