
20 кастрычніка 1916 года нарадзіўся слонімскі паэт Алесь Сучок (Пётр Дабрыян). Жыў і памёр у вёсцы Азярніца.
Алесь Сучок з сям’і бежанцаў 1-й сусветнай вайны, якія паходзілі з Слонімскага павету. У 1922 вярнуўся на радзіму бацькоў. У 1932 скончыўшы пяць класаў у польскай школе ў в. Мяльканавічы, працаваў на гаспадарцы. 16 студзеня 1934 за арганізацыю дэманстрацыі мяльканавіцкіх вучняў, якія патрабавалі праводзіць заняткі на беларускай мове, арыштаваны. Уцёк з-пад арышту. Затым сакратар Азярніцкага падпольнага райкама камсамола Заходняй Беларусі. Зноў арыштаваны 30 ліпеня 1934 і ў верасні 1935 асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі. Этапаваны ў Беластоцкую турму. Пазней Алесь Сучок сведчыў, што пісаць пачаў «яшчэ будучы ў Слонімскай турме. Паперы і алоўка мець у камеры не дазвалялася, але ўхітрыўся пісаць… алюмініевай лыжкай на сцяне». Вызвалены па амністыі ў 1937. У 1938 у часопісе «Шлях моладзі» з’явіўся яго першы верш— «Я бачыў». Зноў арыштаваны 27 красавіка 1939 і без суда адпраўлены ў лагер Картуз-Бяроза. Вызвалены ў верасні 1939г. Працаваў у Слонімскай раённай газеце «Вольная праца». У час 2-й сусветнай вайны сакратар падпольнага антыфашысцкага камітэта, супрацоўнік падпольнай газеты «Вольная праца». З верасня 1944г. 2-гі сакратар Слонімскага РК ЛКСМБ. З кастрычніка 1944 да 1946 служыў у Савецкай арміі. У 1948—50 загадчык Азярніцкага сельскага Дома культуры. У 1950—53 старшыня Азярніцкага сельсавета, у 1953—55 інструктар Слонімскага РК КПБ. Затым працаваў у калгасе, на чыгуначнай станцыі. З 1959 зноў пачаў выступаць з вершамі (газ. «Гродзенская праўда», час. «Сельская гаспадарка Беларусі»). З 1978 пенсіянер. Пахаваны ў в. Азярніца.