Выстава слонімскага мастака ў Варшаве

3 лістапада 2015 года ў Культурным цэнтры Беларусі ў Варшаве адбылося адкрыццё выставы “Колы мае” беларускага мастака, члена Саюза мастакоў Беларусі са Слонімшчыны Мікалая Бушчыка (нарадзіўся ў вёсцы Дзераўная).

На выставе прадстаўлена больш за 20 карцін, выкананых у яркіх аптымістычных танах з шматколернымі пераходамі. Жывапіс мастака пераклікаецца з працамі супрэматызму, майстроў жывапісу колеру.
За сваю творчую кар’еру М.Бушчык правёў больш за 200 выстаў у Беларусі і за мяжой. Творы мастака знаходзяцца ў многіх прыватных і музейных калекцыях, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Мастацкім музеі Латвіі, Карціннай галерэі Патсдама, у калекцыі мэрыі Даммары-ле-Ліс у Парыжы, у Пінакатэцы мэрыі Рыпе-Сан-Джынейзіо ў Італіі, Музеі мастацтваў Зімерлі ў Нью-Брунсвіку ў ЗША і інш.

На адкрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі культурных устаноў г.Варшавы, грамадскіх аб’яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі, дыпламатычнага корпусу, а таксама калегі М.Бушчыка – мастакі з Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Славакіі, Украіны.

Госці вернісажу высока ацанілі майстэрства аўтара і падкрэслілі важнасць арганізацыі падобных мерапрыемстваў дзеля папулярызацыі сучаснага беларускага мастацтва за мяжой, развіцця міжкультурнага дыялогу.

Выстава М.Бушчыка ў Варшаве працягнецца да 03.01.2016

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика