Выйшла кніга “125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны”

У мінскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшла з друку кніга Сяргея Чыгрына “125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны”.

Кніга прысвечана памяці слонімскага гісторыка, краязнаўцы, археолага і паэта Васіля Рыгоравіча Супруна (1926 – 2007), якому ў 2016 годзе споўнілася бы 90 год з дня нараджэння.

Літаратар і даследчык роднага краю Сяргей Чыгрын пад адну вокладку сабраў пытанні, а таксама цікава адказаў на іх, каб паказаць праўдзівую гісторыю слонімскай зямлі, а таксама распавесці пра падзеі, якія адбываліся на Слонімшчыне, пачынаючы з таго часу, калі з’явіліся першыя людзі на гэтай зямлі і да сённяшніх дзён.

Шмат аўтар паведамляе пра тое, што мала даследавана ў Беларусі: пра слонімскія скарбы, украдзеныя і вывезеныя па-за межы Беларусі, пра слонімскія падзямеллі і розныя легенды і паданні, пра лёсы знакамітых слонімцаў, пра рэпрэсіі і бежанства і г.д.

Па словах Сяргея Чыгрына, папулярна-асветніцкае выданне “125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны” разлічана на самае шырокае кола чытачоў. Яно можа быць выкарыстана як дапаможны матэрыял пры вывучэнні не толькі гісторыі Слонімшчыны, але і ўсёй гісторыі Беларусі.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика