Слонімцы выступаюць у абарону работніка КПФ

На днях слонімскія грамадскія актывісты накіравалі зварот дырэктару ААТ “Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка” Суботка А.А. з просьбай не звальняць з працы актывіста незалежнага прафсаюзу РЭП Міхаіла Сошко.

У звароце гаворыцца: “Паважаны Анатоль Анатолевіч, нядаўна стала вядома, што Вы прынялі рашэнне аб звальненні слесара 6 разраду Міхаіла Сошко, які адпрацаваў на ААТ «Слонімская КПФ» трыццаць год, і за гэты час праявіў сябе, як вопытны і добрасумленны работнік. Добра ведаючы гэтага чалавека, як грамадскага актывіста і прадстаўніка незалежнага прафсаюзу РЭП, заўжды выступаючага ў абарону правоў працоўных, мы лічым яго звальненне звязаным толькі з яго актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і жаданнем дапамагаць людзям, абараняць іх працоўныя правы і права на годнае жыццё.

Вельмі шкада, што Вы асабіста прымаеце ўдзел у цкаванні годнага чалавека, звальняючы яго за тры гады да выхаду на пенсію. Гэта недальнавідная пазіцыя, таму што сёння звальняеце Вы, а заўтра такім жа чынам звольняць Вас, а магчыма яшчэ і зробяць карупцыянерам. У цяперашняй эканамічнай сітуацыі згубіць працу для чалавека — значыць паставіць у вельмі складанае становішча яго блізкіх, сям’ю. Падумайце, за што Вы караеце іх? Вядома ж не па віне Міхаіла Сошко ў краіне  пагоршылася эканамічная сітуацыя, і людзям сталага веку знайсці новую працу ў Слоніме стала практычнага не магчыма.

Сваім рашэннем аб звальненні Міхаіла Сошко Вы не дасягнеце мэтаў запалохаць грамадскіх актывістаў, Вы толькі папоўніце шэрагі беспрацоўных і пакінеце Міхаіла Сошко і яго сям’ю без сродкаў на існаванне. Гэта застанецца на вашым сумленні, а не тых, хто Вам гэтае рашэнне навязвае. Падумайце яшчэ раз пра тое, што тыя людзі, якія ініцыявалі звальненне Міхаіла Сошко, з такой жа лёгкасцю могуць заўтра зламаць і Ваш лёс.

Ад імя прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, якія дзейнічаюць у Слоніме, а таксама ад слонімцаў, звяртаемся да Вас з просьбай не звальняць з працы Сошко Міхаіла. Звяртаемся да вашага сумлення і верым, што Вы не пакінеце Міхаіла Сошко і яго сям’ю без сродкаў на існаванне, і ён надалей будзе працаваць на ААТ «Слонімская КПФ»”.

Пад зваротам падпісаліся: Севасцьян Павел (Партыя БНФ), Іван Шэга (ІКУ “Шэгамедкансульт”), Іван Бедка (Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя), Сяргей Бузун (Партыя “Справядлівы свет”), Алесь Масюк (ПАГА “Рух “За Свабоду”), Віктар Марчык (Беларускі незалежны прафсаюз).

Нагадаем, нядаўна Міхаіл Сошко атрымаў уведамленне аб тым, што 1 красавіка 2016 году ён будзе звольнены з працы ў сувязі са сканчэннем тэрміну працоўнага кантракту.

 

 

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика