Чарнобыль. Праз 30 год…

У ноч з суботы на нядзелю 26 красавіка 1986 г. аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі (ЧАЭС) падзяліла гісторыю Беларусі на да і паслячарнобыльскі перыяды.

Як высветлілася потым, аварыя мела глыбінныя прычыны, якія караніліся ў тэхнічным адставанні СССР і сур’ёзных праліках у развіцці атамнай энергетыкі. Непасрэдна 26 красавіка ў выніку непрадуманых дзеянняў дзяжурнай змены (суб’ектыўны фактар) пры наяўнасці слабасцей у канструкцыі рэактара і станцыі ў цэлым (аб’ектыўны фактар) адбыўся выбух на чацвёртым энергаблоку ЧАЭС, піша library.by. Разбурэнне рэактара нагадвала выбух вялізнай “бруднай бомбы” і прывяло да выкіду ў паветра значнай колькасці радыеактыўных рэчываў, якія патокамі паветра сталі хутка распаўсюджвацца вакол.

Прадстаўнікі самых розных прафесій праявілі самаахвярнасць у першыя гадзіны і дні, не дапусцілі пашырэння маштабаў аварыі. Першасны аналіз сітуацыі паказаў, што непасрэдна ад выбуху ўздзеянню радыяцыі падверглася паўднёвая частка Беларусі. Пазней тэрыторыя інтэнсіўнага забруджвання павялічылася ў раёнах Магілёўскай вобласці, але тут яна з’явілася пераважна ў выніку мэтанакіраванага асаджэння спецрэагентамі радыенуклідаў з радыеактыўных хмараў, якія рухаліся ў напрамку Масквы. У выніку на тэрыторыю Беларусі прыпала 70% усяго радыеактыўнага забруджвання. У гэтай зоне апынулася каля 2 млн. 100 тыс. чалавек (25% беларускага насельніцтва).

1

Між тым саюзныя і рэспубліканскія ўлады у першыя дні абралі тактыку ўмаўчання інфармацыі аб маштабах бяды і практычна замарудзілі арганізацыю дзеянняў, якія маглі б паменшыць адмоўныя вынікі для насельніцтва. На другі дзень пасля аварыі аб рэзкім павышэнні радыяцыйнага фону ў паветранай прасторы сваіх краінаў загаварылі прадстаўнікі Швецыі, Нарвегіі, Англіі і інш.

2

Разбураны выбухам 4-ты энэргаблок ЧАЭС

Толькі пасля гэтага афіцыйныя СМІ СССР сціпла паведамілі аб аварыі, у выніку якой адбылося “некаторае павышэнне радыяцыйнага фону”. І хаця памеры катастрофы станавіліся ўсё больш відавочнымі, беларускае кіраўніцтва (першы сакратар ЦК КПБ М. Слюнькоў) і падначаленыя яму ведамствы працягвалі хаваць ад насельніцтва праўду. У пачатковы перыяд аварыі кіраўніцтва рэспублікі нават адмовілася ад сродкаў, якія выдзяляў саюзны цэнтр для ліквідацыі гэтай бяды. Не звярнулася яно за дапамогай і да міжнароднай супольнасці.

Развіццё падзей прымусіла кіраўніцтва рэспублікі прыняць 4 мая 1986 г. рашэнне аб адсяленні насельніцтва з 30-кіламетровай зоны навокал ЧАЭС, у першую чаргу з Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў. Да канца года ў чыстыя месцы было адселена 27,7 тыс. чалавек, а на Украіне, дзе плошчы забруджвання былі значна меншыя, адсялілі каля 100 тыс. Да таго ж былі дапушчаны сур’ёзныя памылкі і пралікі ў справе арганізацыі работы, тэрмінах выканання, інфармавання насельніцтва, забеспячэння яго прасцейшымі сродкамі абароны ад радыяцыі, прыборамі кантролю і дазіметрыі, аховы маёмасці і г. д.

Падыходы да вынікаў аварыі пачалі мяняцца пасля першых альтэрнатыўных выбараў 1989 г. Вярхоўнага Савета БССР. Новы склад Савета зацвердзіў Дзяржаўную праграму ліквідацыі ў Беларускай ССР наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС на 1990-1995 гг., якую распрацаваў урад Беларусі.

3

У межах праграмы былі вызначаны дадатковыя захады па ахове здароўя насельніцтва: пачалося адсяленне ў чыстыя раёны яшчэ каля 100 тыс. чалавек, былі складзены і апублікаваны карты забруджанасці тэрыторыі рэспублікі, створаны Інстытут радыяцыйнай медыцыны і інш. Каб забяспечыць з боку дзяржавы сацыяльную падтрымку людзей, якія пацярпелі ад аварыі, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь у 1991-1992 гг. прыняў некалькі новых законаў.

Намаганні новага кіраўніцтва Беларусі былі падтрыманы міжнароднымі арганізацыямі. Генеральная Асамблея ААН прыняла спецыяльную рэзалюцыю аб аказанні Беларусі міжнароднай дапамогі. Прыкладна ў гэты ж час беларускае кіраўніцтва, навукоўцы і грамадскасць рашуча і аргументавана выступілі супраць заяваў чыноўнікаў МАГАТЭ (Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі) аб нібыта завышаных ацэнках небяспекі радыяцыйнага ўздзеяння на здароўе людзей і забруджанасці навакальнага асяроддзя.

Цень Чарнобыля ўскосна закранула аўтарытэт міжнароднга атамнага кансорцыума, які ў першую чаргу занепакоіўся аб сваёй будучыні. Невыпадкова дзеянні прадстаўнікоў МАГАТЭ ў публікацыях, у тым ліку замежных, расцэньваліся як змова міжнароднага атамнага лобі, яго нежаданне ў пэўнай ступені падзяліць адказнасць за тэхнагенную катастрофу, якая ў гіганцкіх маштабах змяніла стан прыроднага асяроддзя і зрабіла яго небяспечнай для чалавека.

4

Прыпяць — горад прывід

У выніку аварыі небяспечнымі радыенуклідамі засмечана 23% тэрыторыі краіны: больш за 1/3 усяго вырваўшагася цэзія-137, які распаўсюджваецца праз прадукты харчавання і асядае ў мышачных тканках, выпала на Беларусь; 10% тэрыторыі ўтрымліваюць стронцый-90 і 2% — выключна небяспечныя ізатопы плутонія. Зараз каля 70% калектыўнай дозы апраменьвання насельніцтва Беларусі выклікана радыенуклідамі праз прадукты харчавання.

Аварыя разбурыла ўклад жыцця соцень тысяч людзей і нарадзіла пастаянны стрэс у насельніцтва. Забруджаныя раёны пакінулі 335 тыс. чалавек, ліквідавана 415 населеных пунктаў, 607 школаў і дашкольных устаноў, 97 бальніц.

Яна падарвала эканамічны патэнцыял краіны. У зоне забруджанасці знаходзіцца 47% унікальных фармовачных пяскоў, 91% пяскоў для вытворчасці шкла, 13% запасаў розных глінаў, 5 млн. кубаметраў будаўнічага пяску, гравію і гліны, 13,5 млн. т. торфу, 7,7 млн. т. мелу, прыпынена разведка тэрыторый, перспектыўных на газ і нафту ў аб’ёме, прыкладна, 52 млн. тон. Агульныя страты склалі 235 млрд. долараў ЗША, або 32 гадавых рэспубліканскіх бюджэты 1985 г.

Чарнобыль увайшоў у гісторыю не толькі як вынік грубых памылак людзей і недасканаласці сістэмы, але і як суровае папярэджанне чалавецтву. Ен высветліў яшчэ адну важную ісціну — неабходнасць праўдзівага інфармавання насельніцтва. Утойванне праўды стварае дадатковыя пагрозы.

Крыніца: http://www.istpravda.ru/bel/digest/15274/

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика