Выйшаў чацвёрты нумар бюлетэня “Слонімскі край”

 

Пабачыў свет чарговы нумар краязнаўчага бюлетэня “Слонімскі край”. У ім больш дзясятка тэкстаў на разнастайныя тэмы з гісторыі Слонімшчыны, вялікая колькасць выяў.

(скачаць бюлетэнь — тут).

Сярод іх артыкул Сяргея Ярша “Слонім на старонках нямецкай газеты 1916-1918”, прысвечаны матэрыялам пра наш горад з газеты “Deutsche Kriegszeitung von Baranowitschi» часоў першай сусветнай. Адна са старонак бюлетэня цалкам адведзена пад выявы, якія характарызуюць наш горад у час вайны. Яшчэ адзін тэкст Сяргея Ярша пра “мора Герадота” каля Слоніма на шведскай карце XVII стагоддзя, які працягвае тэму нашай картаграфічнай спадчыны, распачатай у мінулым нумары.

Цікавы матэрыял Сяргея Чыгрына пра кінатэатры “Мадэрн” і “Мір”, апошні з якіх закрылі ў сакавіку 2016 года, амаль праз 57 гадоў пасля яго адкрыцця (на кастрычніцкія святы ў 1959 годзе).

Адзін з артыкулаў прысвечаны князям Слонімскага княства, якія правілі ім у ХІІІ-XIV стагоддзях, калі ішоў працэс гартавання Вялікага княства Літоўскага.

У нумары змешчана апошняя частка ўспамінаў Васіля Супруна пра даследаванні Жыровіцкай святыні, якія друкаваліся і ў двух папярэдніх нумарах.

Бюлетэнь працягвае знаёміць з выданнямі па гісторыі Слоніма. На гэты раз даецца аналіз кнігі Івана Ануфрыевіча Раманоўскага “Прошлое  из жизни города Слонима” (1898).

Таксама ў нумары змешчаны ўспаміны першага рэдактара слонімскай раённай газеты “Вольная праца” Іосіфа Чарняўскага, лісты і паштоўкі слонімскага паэта Анатоля Іверса да літаратуразнаўцы Уладзіміра Калесніка і інфармацыя пра знойдзеныя рукапісы паэта Язэпа Вількоўшчыка.

Рэдактар чацвёртага нумару бюлетэня «Слонімскі край» — Сяргей Ёрш. Аўтары: Сяргей Ёрш, Сяргей Чыгрын і Васіль Герасімчык.

Крыніца: http://geron-1987.blogspot.com.by/2016/05/blog-post.html

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика