Ушанавалі Міхала Валовіча

 

У суботу, 11 чэрвеня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна адбылося мерапрыемства па ўшанаванні аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830–1833 гадоў супраць Расійскай імперыі Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікаў.

Да памятнага крыжа ў гонар паўстанцаў, які знаходзіцца на могілках вёскі Парэчча, прыехалі грамадскія актывісты, літаратары, журналісты і проста людзі са Слоніма, Дзятлава, Менску.

Мерапрыемства адкрыў слонімскі гісторык і літаратар Сяргей Чыгрын, які распавёў пра змагарны шлях Міхала Валовіча і яго паплечнікаў, пра лёс памятнага крыжа, устаноўленага на радзіме змагара.

Літаратар і журналіст з Мінска Міхась Скобла дапоўніў Сяргея Чыгрына і выказаў думку, што Міхал Валовіч у свой час быў вялікім рамантыкам, адважным ліцвінам, подзвіг якога заслугоўвае сёння нашай памяці не толькі ў межах Слонімшчыны ці Гарадзеншчыны, але і ўсёй Беларусі.

Грамадскі дзеяч і палітык Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што Міхал Валовіч свядома загінуў за Бацькаўшчыну, ён ахвяраваў сваё маладое жыццё дзеля нашчадкаў. Не было б паўстання Міхала Валовіча ў 1830-1833 гадах – не было б і 1863 года на Беларусі.

Патрыятычныя беларускія песні падчас ушанавання Міхала Валовіча выканалі барды Таццяна Матафонава і Зьміцер Бартосік.

1

8

2

5

6

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика