Іван ШЭГА: “У нас людзі свайго ценю баяцца…”

 

Апазіцыя для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах не аб’ядналася.

Некаторыя партыі і рухі вырашылі самастойна пазмагацца за месца ў Авальнай зале. Першай пра такую пазіцыю заявіла Партыя БНФ. Кандыдатамі ў дэпутаты маюць намер вылучыцца 70 яе сябраў.

У папярэднім спісе і прозвішча доктара са Слоніма Івана Шэгі. У 2013 годзе яго, урача вышэйшай катэгорыі з 30-гадовым стажам, па сутнасці, звольнілі з працы за грамадзянскую пазіцыю. Адміністрацыя бальніцы не працягнула кантракт з доктарам нібыта з прычыны пенсіённага ўзросту. І гэта на фоне кадравага дэфіцыту ў медыцыне і гатоўнасці Івана Шэгі працаваць і далей.

– Іван Іванавіч, шчыра кажучы, здзівілася, што вы ў спісе кандыдатаў у дэпутаты. Вы – вопытны баец, у 2003-м перамаглі на мясцовых выбарах і з’яўляліся дэпутатам раённага Савета, у 2008-м змагаліся за месца ў Палаце прадстаўнікоў. Навошта ўдзельнічаць у кампаніі, ад якой вы не чакаеце перамогі? Лідар вашай партыі Аляксей Янукевіч сказаў, што мэты трапіць у парламент перад членамі вашай арганізацыі не стаіць. Атрымліваецца, удзельнічаць толькі дзеля таго, каб паўдзельнічаць?

– Я сапраўды кандыдат са стажам, “кандыдат увесь час”. І зараз – у першых шэрагах.

Што да пазіцыі партыі – задумка нармальная. Час пакажа, правільная яна ці не.

– У чым правільная, на ваш погляд?

– Па-першае, тое, што мы вырашылі ні з кім не аб’ядноўвацца… Партыю БНФ доўгі час усе выкарыстоўвалі – наш патэнцыял, нашых людзей. Розныя арганізацыі ўступалі з намі ў розныя кааліцыі. А зараз партыя правільна робіць, трэба з сябе гэта патроху скідаць, ачышчацца ад усяго гэтага – хай кожны пакажа, на што ён здольны. Калі скопам, потым цяжка разабрацца, хто і як што рабіў. Сэнс у самастойнасці ёсць.

– Але народная прымаўка сцвярджае, што скопам лягчэй і бацьку біць…

– Па сутнасці, мы разам і робім адну справу. У дэмакратычнага лагера і лозунгі, па сутнасці, аднолькавыя – незалежнасць краіны, дэмакратызацыя.

– Лозунгі лозунгамі, а скопам можна было б аб’яднацца вакол некалькіх моцных кандыдатаў, зрабіць моцную агітацыйную кампанію, наладзіць назіранне на ўчастках, дзе яны будуць балатавацца, пазмагацца за празрысты падлік галасоў… А так – у вас 70 кандыдатаў, у “Гавары праўду!” – 29…

– Само аб’яднанне павінна адбывацца дзеля нечага. Калі выбары – дасягнуць перамогі. І гэта вельмі сур’ёзна. Яшчэ год таму трэба было мець агульны спіс актывістаў, паўгода таму абгаварыць усе рэчы адносна фінансавання, аб узаемадапамозе, назіранні.

А гэтага не было зроблена да апошняга часу. Усе з амбіцыямі, прагнуць прапіярыцца, напэўна, яшчэ нейкія мэты ставяць. Калі некаторыя арганізацыі, напрыклад, тая ж “Гавары праўду!” заяўляе, маўляў, мы маладых вылучым, нікому не вядомых, “незаплямленых” у барацьбе, то навошта нам іх падтрымліваць?! Гэта статысты. У такой кампаніі, як выбары дэпутатаў парламента, у якасці кандыдатаў павінны ўдзельнічаць людзі сур’ёзныя, вядомыя грамадскасці па сваіх справах.

Мы ў Слоніме сур’ёзна ставімся да гэтай кампаніі. У мяне ўжо ёсць каманда, невялікая ініцыятыўная група – 25 чалавек, але гэтага хопіць, каб сабраць галасы ў маю падтрымку. Прычым збор подпісаў арганізоўваем як падстрахоўку. Вырашылі, што рэгістравацца кандыдатам буду ад Партыі БНФ, бо, калі ісці толькі шляхам збору подпісаў, могуць адсеяць і не зарэгістраваць. Але ў той жа час у Слоніме ёсць яшчэ адзін кандыдат не ад улады. Не тое што я хвалюся, але ён слабейшы за мяне. Навошта мне яму дапамагаць? Яшчэ раз паўтаруся: адзіныя спісы кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычнага лагера трэба было фарміраваць год таму! А зараз, прабачце… Супрацоўнічаць – ладзіць агульнае назіранне, нагляданне – калі ласка. А аб’ядноўвацца? Навошта?

– Добра: Партыя БНФ самастойны гулец. Але ж чаму няма мэты трапіць у парламент? Няўжо не гэта павінна быць галоўным?

– Янукевіч не так катэгарычна казаў… Гэта не супермэта – засядаць у “палатцы”. Бо там вельмі душна будзе аднаму-двум чалавекам не ад улады, складана.

Я добра памятаю сваю працу ў раённым Савеце. Думак, свежых ідэй было шмат, але як аднаму мне было няўтульна! Адчуванне, нібыта ты ў пустаце, цябе не разумеюць, цябе цураюцца .

А вяртаючыся да гэтай кампаніі… Улічваючы, што адбываецца ў краіне, настрой людзей, было б здрадай з нашага боку гэтую кампанію праігнараваць. У людзей павінна быць альтэрнатыва выбару. І мы будзем людзям яе даваць, расказваць, як можна аднавіць дэмакратычную сістэму кіравання ў краіне і перайсці да новай эканамічнай мадэлі, каб забяспечыць дабрабыт народа. Безумоўна, калі б 5–6 непраўладных дэпутатаў з’явіліся ў парламенце, гэта была б перамога. Бо будзе трыбуна для выказвання розных думак. І гэтыя думкі будуць трансліравацца на ўсю краіну.

– Значыць, апазіцыя ў парламенце ўсё ж такі будзе?

– Наперад сказаць не магу. Мяркуючы па ўсім, такія дэпутаты з’явяцца, але ці сапраўды гэта будуць апаненты ўлады ?

Але, нягледзячы на ўсё гэта, удзельнічаць у кампаніі трэба. Іншага шляху няма. І ўсе гэтыя прапановы, крыкі “мы падымем народ”,  “трэба выходзіць на плошчу і пратэставаць”… Ёсць такая прымаўка: не бойся ўпасці – бойся не ўстаць. Мне падаецца, што наш народ так упаў, што наўрад ці ўстане. Людзі свайго ценю баяцца. Вось літаральна днямі да мяне прыйшлі на кансультацыю дзве жанчыны. А мы з групай актывістаў збіраем подпісы, каб змяніць расклад аўтобусаў да дзіцячай паліклінікі. Яна знаходзіцца далёка за горадам, дабірацца нязручна, гарадскі аўтобус ходзіць рэдка.  І што вы думаеце – як ад агню шарахнуліся ад гэтай паперы.

– На кансультацыю да вас? Вас аднавілі на працы, зноў працуеце ў паліклініцы?

– Не, што вы! Неяк прыходзіў у Слонімскую ЦРБ наконт працаўладкавання сына – у яго сярэдняя медыцынская адукацыя, дык яны там так перапалохаліся!.. Канешне, працаваць хачу і спрабаваў знайсці месца па спецыяльнасці. Даведаўся, што ў Баранавічах ёсць стаўка ўрача-траўматолага. Патэлефанаваў, запэўнілі, што возьмуць абавязкова, папрасілі прыехаць тэрмінова, бо няма траўматолага, а ў мяне – вопыт. А прыехаў – адмовілі, яны ўжо ўсё разведалі пра мяне.

– А за што жывяце?

– За пенсію. На тры мільёны з хвосцікам, канешне, не разгуляешся. Жонка працуе і пенсію атрымлівае. Сын ужо дарослы, сам на жыццё зарабляе…

Канешне, склаўшы рукі не сяджу. Яшчэ ў 2013 годзе заснаваў сваю ўстанову, кансультацыйна-інфармацыйную.  Гэта не камерцыйная ўстанова і не зусім медыцынская: лячыць людзей не магу, бо не маю ліцэнзіі. Аказваю бясплатныя паслугі. Інфармую грамадзян па пытаннях здаровага ладу жыцця, але калі людзі просяць  кансультацыю па хваробе, не магу адмовіць.

У асноўным свае сілы выкарыстоўваю сёння ў іншым накірунку – з групай слонімскіх актывістаў стараемся ўздымаць праблемы лакальнага характару, стварыць дыялог з мясцовай уладай па пытаннях добраўпарадкавання горада, іншых лакальных праблемах. І вось тут, дарэчы, мы, прадстаўнікі розных дэмакратычных арганізацый, аб’ядналіся. І бээнэфаўцы, і камуністы, і хрысціянскія дэмакраты. Я ўвогуле лічу, што ўсе гэтыя партыі, рухі, вертыкалізацыя – усё гэта не зусім правільна. Трэба ствараць лакальныя грамадзянскія супольнасці і разам працаваць, тармасіць уладу, каб народ бачыў нашы справы, упэўніўся, што мы сіла, каб давяраў нам…

Крыніца: http://www.nv-online.info/

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика