У Слоніме звольнілі сябра незалежнага прафсаюзу — за тое, што ездзіў у Швецыю і мыўся пасля працы

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу рабочага камвольна-прадзільнай фабрыкі Міхаіла Сошкі на рашэнне Слонімскага раённага суду, які прызнаў законным, што адміністрацыя фабрыкі за тры гады да пенсіі не працягнула яму працоўны кантракт.

Міхаіл Сошка адпрацаваў на Слонімскай камвольнай фабрыцы 30 гадоў, мае шосты разрад, да пенсіі яму заставалася менш за тры гады. Адміністрацыя не працягнула з ім кантракт на падставе таго, што за апошні год у яго былі дысцыплінарныя спагнанні: за тое, што пайшоў памыцца пасля бруднай працы, а таксама за тое, што курыў у неадпаведным месцы.

Яшчэ напярэдадні паседжання абласной калегіі Сошка быў перакананы: у абласным судзе выправяць памылкі раённага суду, бо паводле калектыўнай дамовы за тры гады да пенсіі кантракт з рабочым працягваецца аўтаматычна. Пасля зачытанага рашэння Сошка разгубіўся:

«Я думаў, што ў раёне на суд націснулі і там было прагназаванае рашэнне. А тут, аказваецца, таксама за дысцыплінарнае спагнанне прызналі тое, што пасля працы я пайшоў памыўся. Дарэчы, і мыцца я хадзіў з дазволу непасрэднага начальніка, але ён у судзе пабаяўся ў гэтым прызнацца, маўляў, будуць праблемы. Дый іншым залічылі гэтыя спагнанні, але кантракт не працягнулі толькі мне».

Прадстаўнік прафсаюзу РЭП Юры Белякоў, які прысутнічаў у судзе, лічыць, што наймальнік папросту хацеў пазбавіцца ад Сошкі. Не працягнулі кантракт з высокакваліфікаваным адмыслоўцам — а значыцца, пайшлі нават на тое, каб браць іншага чалавека, навучаць яго, затрачваць на гэта сродкі.

Белякоў кажа, што кансультаваўся наконт гэтай справы з многімі вядомымі юрыстамі, і ўсе пацвердзілі, што раённы суд не меў рацыі.

 

«Я бачу, што і абласному суду ўсё роўна, што напісана ў нашых законах, Канстытуцыі, што ў нас сацыяльная дзяржава. Паводле закону чалавеку даюць за тры гады дапрацаваць да пенсіі. Але гэта нікім не ўлічваецца, бо слонімская „вертыкаль“ захацела папросту ад чалавека пазбавіцца. І пракуратура, якая павінна стаяць на баку захавання законнасці, засталася ўбаку, і суд прымае такое рашэнне…

Дзіўна. Навошта мы тады ўтрымліваем такую армію ўсіх гэтых пракурораў і суддзяў, калі ніхто не хоча разабрацца па сутнасці? Вядома, мы будзем абскарджваць рашэнне, а таксама пададзім скаргу ў міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі. Крыўдна, што ў нас такое робіцца».

Сошка кажа, што з юрыдычнага боку яму зразумела — рашэнне незаконнае, і ён намераны далей яго абскарджваць. Іншая праблема — як жыць, дзе шукаць працу і наколькі гэта ў Слоніме рэальна?

Паводле Сошкі, працу яму ў Слоніме не знайсці, бо ўся гэтая справа закруцілася з таго, што аднойчы ён выйшаў з афіцыйнага прафсаюзу і ўзначаліў суполку незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці.

«Мяне былы дырэктар фабрыкі некалькі разоў запрашаў на размову і прапаноўваў кінуць гэты прафсаюз, маўляў, усё тады будзе добра. А потым, калі я ад прафсаюзу паехаў у Швецыю, а па вяртанні распавёў сябрам пра тое, як працуюць прафсаюзы там, то пра мяне ўжо выказаўся старшыня Слонімскага райвыканкаму, маўляў, невядома чаго я ездзіў у Швецыю, бо ён мяне не ўпаўнаважваў. Думаю, што ўсе мае праблемы крыюцца вось тут».

Сошка перакананы, што ў Слоніме ён наўрад ці знойдзе працу, бо і ўзрост перадпенсійны, і ніхто не возьме пасля такога звальнення. Спадзяецца на дробныя прыработкі, каб неяк пражыць разам з жонкай. Жонку, дарэчы, таксама скарацілі, і цяпер яны абое без працы.

«Добра, што дзеці дарослыя, але за іх кошт жыць не збіраюся. У жонкі на вёсцы бацькоўская хата, то мы яшчэ там гароды садзім, буду недзе падпрацоўваць, неяк пражывём».

Кідаць прафсаюзную дзейнасць мужчына таксама не збіраецца. Маўляў, шмат людзей церпяць ад сваіх наймальнікаў, і ніхто за іх не заступаецца.

«На сёння іншага варыянту няма. У іх у руках уся ўлада, але калі ім не супрацьстаяць наагул, то я не ўяўляю, да чаго можа дайсці. Ведаеце, усе гэтыя начальнікі з розных адміністрацыяў выконваюць таксама нечыя загады, бо баяцца, што іх звольняць. Але, з іншага боку, яны баяцца і таго, што іхнія прозвішчы з’яўляюцца ў СМІ і людзі даведваюцца пра іхнія ўчынкі.

А што да калегаў па працы, то Сошка заўважыў, што ўсе яму спачуваюць, але нічога зрабіць не могуць.

«Людзі баяцца, і таму буду надалей іх бараніць, трэба гэтаму супрацьстаяць».

Крыніца: http://www.svaboda.org/

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика