Слонімцы ўшанавалі памяць Васіля Супруна

У пятніцу, 10 сакавіка, прадстаўнікі слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл  наведалі могілкі ў Слоніме на вуліцы Чырвоных партызан і ўсклалі кветкі на магілу кіраўніка патрыятычнай моладзевай антысавецкай падпольнай арганізацыі ў 1946-1947 гадах “Чайка”, паэта, археолага, вязня сталінскіх лагераў Васіля Супруна (1926-2007).

Сёлета 10 сакавіка Васілю Супруну споўнілася б 91 год з дня нараджэння. Нарадзіўся ён на Слонімшчыне ў в.Глоўсевічы. Падчас вайны скончыў у Слоніме беларускую сямігодку, трохмесячныя настаўніцкія курсы, вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі. 29 верасня 1943 года ў «Баранавіцкай газеце» быў надрукаваны першы верш Васіля Супруна “Песня на чужыне”.

Пасля вайны працаваў настаўнікаў, скончыў Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча. Узначаліў Цэнтр Беларускага вызвольнага руху, які аб’ядноўваў слонімскія, баранавіцкія і берасцейскія суполкі. 6 чэрвеня 1947 года быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў няволі і 5 гадоў пазбаўлення правоў.

16 чэрвеня 1956 года, згодна з пастановай Вярхоўнага Савета СССР, быў вызвалены з няволі і атрымаў дазвол вярнуцца на Радзіму. У апошнія гады жыў у Слоніме. Пра гэта, падчас ушанавання Васіля Супруна, расказаў былы настаўнік і яго сябра Мікалай Ракевіч. А грамадскі актывіст Алесь Масюк прыгадаў сваё сяброўства з ім і тыя сустрэчы, якія адбываліся ў Слоніме.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика