Віктара Марчыка асудзілі на 5 сутак арышту

Слонімскі раённы суд прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Паводле Марчыка, у судзе супраць яго сведчылі міліцыянты. Яны казалі, што ён заклікаў людзей на плошчу. Але пазней на відэа было відаць, што Марчык толькі просіць людзей падыходзіць бліжэй да намесніцы старшыні райвыканкаму Кацярыны Руткоўскай і задаваць ёй пытанні.

Сведкі з боку Марчыка, паводле яго, паказалі, што ў райвыканкаме дамаўляліся, што ён прывядзе людзей да будынка райвыканкаму без лозунгаў і сцягоў. Хадайніцтва Марчыка аб выкліку ў суд намесніцы старшыні Слонімскага райвыканкаму Кацярыны Руткоўскай было адхіленае.

— Я стрымаў сваё слова, а ў райвыканкаме мне адказалі тым, што прамаўчалі. Няхай гэта будзе на іхным сумленні. Я заклікаў суд, каб знайшлі тых, хто мяне па-бандыцку арыштоўваў, і пакаралі іх, але гэта, відаць, таксама нічым не скончыцца. Зрэшты, было відавочна, што суддзя сам нічога не вырашае. Ён толькі зачытаў рашэнне.

У судзе прысутнічаў у якасці сведкі слонімскі актывіст Алесь Масюк. Пасля суду ён сказаў Свабодзе, што нічога новага ў нашых судах не адбываецца.

— Там кажы што хочаш, прыводзь факты, сведкаў выклікай, а рашэнне заўсёды зачытваюць супраць цябе…

Мітынг у Слоніме адбыўся 19 сакавіка. У ім узялі ўдзел звыш двухсот чалавек. Пакараны адзін Віктар Марчык.

Крыніца: http://www.svaboda.org

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика