На добраўпарадкаванне Альбярціна грошай няма

 

У чацвер, 14 верасня, у сярэдняй школе № 7 адбылася сустрэча жыхароў вул.1-ай Сямігодкі мікрараёну Альберцін з прадстаўнікамі Слонімскага райвыканкама. На сустрэчы абмяркоўвалі пытанне па добраўпарадкаванню мікрараёна.

Ад улады на сустрэчы былі намеснік старшыні райвыканкаму У.У. Кот, юрыст райвыканкаму спадар Цыпурка і прадстаўнікі ЖКГ. Чамусьці на сустрэчу запрасілі толькі жыхароў дома №16. Я аб сустрэчы даведаўся выпадкова, непасрэдна перад самым пачаткам.

Трэба адзначыць, што наш мікрараён забудаваны больш за 30 гадоў таму. І даўно падлягае добраўпарадкаванню. Яшчэ ў 2010 годзе я асабіста сабраў подпісы жыхароў мікрараёну з патрабаваннем добраўпарадкаваць наш мікрараён. У звароце былі ўказаны ўсе недахопы, якія патрэбна было ліквідаваць: заасфальтаваць вуліцу, зрабіць аўтапаркоўкі, абсталяваць дзіцячыя пляцоўкі, ўсталяваць хаця бы тры арэлі для дзяцей, зрабіць асвятленне. Зрабіць, каб каля 22-га, 34-га і 18-га дамоў не збіраліся велічэзныя лужыны. Таксама я быў на прыёме ў А.Таргонскага, перадаў яму подпісы з нашымі патрабаваннямі і фотаздымкі ўсіх лужын. Акрамя гэтага, звароты з подпісамі і здымкамі былі дасланыя ў розныя вышэйшыя інстанцыі. А ў выніку, акрамя адпісак ды абяцанак мы нічога не атрымалі.

У 2016 годзе актывістка Людміла Цімафеява зноў сабрала больш за сотню подпісаў па той жа праблеме і была на прыёме ў А.Таргонскага. Вынік той самы, адпіскі і пустыя абяцанкі…

І вось цяпер, на сустрэчы з жыхарамі мікрараёну, чыноўнікі заявілі, што на вырашэнне гэтай праблемы грошай няма. Калі я спытаў пра арэлі, то яны прапанавалі мне зрабіць іх за свае грошы. Вось толькі адкуль узяць тыя грошы, калі мясцовыя чыноўнікі параздавалі ўсе прадпрыемствы ў іншыя раёны. Цяпер у Слоніме не знойдзеш ні добрай работы, ні заробкаў, на якія можна жыць.

Затое чыноўнікі “абрадавалі” жыхароў, што рамонт пад’ездаў аплочваць будзем мы са сваёй кішэні, звыш таго, што мы ўжо плацім за ўсялякія рамонты.

                                                                        Іван Бядко

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика