Сёлета помніка Льву Сапегу ў Слоніме не будзе

Яшчэ 5 лютага 2016 года ў Слоніме, падчас адкрыцця года культуры, старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі абяцаў, што ў 2016 годзе намаганнямі ўсіх слонімцаў і кіраўніцтва раёна павінен быць адкрыты помнік былому слонімскаму старосту, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу (1557-1633). Але помнік Льву Сапегу ў Слоніме так і не з’явіўся.

Той самы старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі ў канцы мінулага года правёў прэс-канферэнцыю для мясцовых журналістаў. На пытанне: калі ўсё ж у Слоніме будзе ўзведзены помнік Льву Сапегу, спадар Таргонскі сказаў: “Помнік Льву Сапегу мы абавязкова ўстановім. Пра гэта мы не раз гутарылі з нашым земляком – вядомым скульптарам Іванам Міско. Ёсць, праўда, шэраг момантаў і праблемаў, але яны вырашальныя і думаю, што ў нас усё атрымаецца. Я прапаную помнік Сапегу паставіць у скверыку насупраць драмтэатра, але пра гэта трэба яшчэ параіцца са слонімцамі”. Але помніка Льву Сапегу ў Слоніме так і няма.

Планавалася, што ўжо сёлета ў Слоніме нарэшце будзе ўстаноўлены і адкрыты помнік былому слонімскаму старосту. Пра гэта паўгады таму ішла гутарка нават на пасяджэнні Слонімскага райвыканкама. Помнік канцлеру запланавалі ўстанавіць у цэнтры Слоніма ў скверыку на Першамайскай вуліцы. Хаця ў гэтым невялікім скверыку ўжо стаіць помнік-танк з аднаго боку, а з другога — помнік Леніну, які паказвае рукой на Спаса-Прэабражэнскі сабор. Паміж імі будзе ўстаноўлены і помнік Льву Сапегу. На думку слонімскіх мастакоў, для такога невялікага скверыка тры помнікі ў адным месцы — гэта неабдуманы і безгустоўны крок слонімскіх архітэктараў. Помнік павінен быць пастаўлены ў зусім іншым месцы, але не побач з помнікам-танкам Т-34 і вялікім помнікам Леніна. Але марна хваляваліся слонімскія мастакі і знаўцы слонімскай гісторыі, бо і сёлета Леў Сапега ў Слонім “не прыйшоў”.

Усю гэту сітуацыю з помнікам Льву Сапегу ў Слоніме пракаментаваў народны мастак Беларусі Іван Міско. “Я гатоў да супрацоўніцтва са Слонімскім райвыканкамам даўно. Я прывёз сёлета у райвыканкам макет помніка Льва Сапегі. Са свайго ганарара нават вырашыў выдаткаваць 25 % на помнік. Але ніякіх канкрэтных прапаноў ад Слонімскага райвыканкама пакуль няма. Невядома таксама колькі ўжо сабрана грошай на помнік, не падпісана дамова і шмат іншых працэдур не выканана. Ды і месца для помніка нібыта хочуць змяніць. Хаця я магу зрабіць і проста бюст Льву Сапегу. Таму адкрыццё помніка сёлета ў Слоніме не адбудзецца”, — сказаў Іван Міско.

Нагадаем, што помнік Льву Сапегу ў Слоніме мяркуюць ужо паставіць каля 20 гадоў. Але і сёлета былы слонімскі староста “абыйшоў” Слонім бокам. А пры Льву Сапегу горад над Шчарай стаў культурным, прамысловым і палітычным месцам. Побач з замкам на беразе Шчары канцлер Сапега ўзвёў мураваны палац, дзе са студзеня 1597 года праходзілі генеральныя сеймікі Вялікага княства Літоўскага. У слонімскім замку знаходзілася і добрая бібліятэка, архіў, творы мастацтва. Леў Сапега ўпарадкаваў у Слоніме вуліцы, масты, дарогі, пабудаваў шмат аўстэрый. Ён адкрыў новыя кірмашы, прамысловыя мануфактуры, будаваў адміністратыўныя і гаспадарчыя будынкі.

Беларускае Радыё Рацыя

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика