
Яшчэ ў мінулым годзе па ініцыятыве хрысціянскіх дэмакратаў было сабрана больш за 400 подпісаў пад зваротам у ЖКГ зрабіць пешаходную дарожку і пандус на лесвічным маршы каля будынка «Беларусбанка», які знаходзіцца на вуліцы Скарыны ў Слоніме.
Спачатку чыноўнікі паабяцалі жыхарам мікрараёна “Паўднёвы Захад”, што дарожка будзе зроблена ў другім паўгоддзі 2016 года. Аднак пазней стала вядома, што з-за праблем з фінансаваннем будаўніцтва дарожкі і пандуса перанеслі на 2017 год.
Час ішоў, аднак дарожку будаваць так і не пачыналі. Каб даведацца, калі нарэшце пачнецца будаўніцтва пешаходнай дарожкі і пандуса на лесвічным маршы, напрыканцы жніўня 2017 году грамадскі актывіст Алесь Масюк схадзіў на прыём да дырэктара ЖКГ Алега Конана. Алег Аляксандравіч паабяцаў, што будаўнічыя працы пачнуцца ў верасні альбо кастрычніку месяцы.
Да канца кастрычніка засталося некалькі дзён, аднак будаўнічыя працы да гэтага часу пакуль так і не пачаліся…