Помнік на магіле сям’і Струпаўцоў

 

У вёсцы Якімавічы Слонімскага раёна сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл устанавілі першы надмагільны помнік ахвярам савецкіх партызан падчас Другой сусветнай вайны. Гэта помнік Васілю Струпаўцу – былому жыхару вёскі Якімавічы.

У гады Другой сусветнай вайны сям’ю Васіля Струпаўца закатавалі мясцовыя савецкія партызаны. З усёй сям’і Струпаўцоў жывым застаўся толькі Васіль. У красавіку 1943 года ў хату Струпаўцоў увайшлі камандзір савецкага партызанскага атрада імя Панамарэнкі Іван Зайцаў разам з Бухарэўскім, Азановічам, Багуслаўскім і іншымі “партызанамі”. Зайцаў з кулямёта стрэліў па старэйшым Васілю Струпаўцу і па яго маленькім сыне Васілю. Гаспадар хаты быў забіты адразу, а Васіль паранены ў ногі. А потым каты застрэлілі жонку Васіля, двух сыноў і дачку. Пасля бандыты вынеслі ўсё з хаты і падпалілі яе знутры. Але цяжка паранены хлопчык Васіль Струпавец схаваўся пад печ, а потым патушыў у хаце агонь і выпаўз на вуліцу. Там яго падабралі вяскоўцы і адвезлі ў Слонім у шпіталь. Ён выжыў, але застаўся на ўсё жыццё інвалідам і сведкам злачынства савецкіх партызан брыгады імя Панамарэнкі, якія па-зверску закатавалі ў Якімавічах некалькі дзесяткаў вяскоўцаў.

У 1990-я гады Васіль Струпавец быў сябрам БНФ “Адраджэнне”, ён тады і распавёў праўду пра злачынствы “партызан” у сваёй роднай вёсцы. На могілках у вёсцы Якімавічы Васіль Струпавец пахаваны побач з агульнай магілай бацькі, маці, братоў і сястры, закатаваных бандытамі.

Слонімцы сабралі сродкі і ўстанавілі помнік на яго магіле і крыж. У бліжэйшы час будзе пафарбавана агароджа, упарадкавана тэрыторыя вакол магілы Струпаўцоў. Урачыстае адкрыццё помніка ахвярам савецкіх партызан адбудзецца ў бліжэйшыя тыдні.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика