
Шмат слонімцаў прымалі ўдзел у самай масавай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года і самым брутальным разгоне. Сярод якіх быў і сённяшні кіраўнік слонімскай суполкі БХД, сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Іван Бедка. Сёння наш карэспандэнт папрасіў спадара Бедку прыгадаць той час сямігадовай даўніны.
—Спадар Іван , чаму Вы сем гадоў таму вырашылі прыняць удзел у мітынгу 19 снежня 2010 года?
—Я трапіў у Менск на плошчу, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак, каб унесці свой уклад у спыненне духоўнага і прававога Чарнобыля на Беларусі, які адбываўся больш за 16 гадоў. І я лічыў сваім абавязкам там прысутнічаць. І я свой абавязак выканаў.
—Як Вас арыштоўвалі?
—АМАП раскалоў мітынгоўцаў на групы, я быў якраз на плошчы Незалежнасці недалёка ад помніка Леніну. Амапаўцы акружылі нас, падагналі аўтазакі і пазаганялі нас туды. Самых апошніх білі дубінамі па чым папала. Адной жанчыне на маіх вачах дубінай выбілі зубы. Потым зачынялі дзверы аўтазакаў і везлі на Акрэсціна.
—Колькі прыблізна людзей прысутнічала на мітынгу апазіцыі?
—Дзесьці каля 50 тысяч чалавек. Больш было моладзі, студэнтаў навучальных устаноў Менска, выкладчыкаў, шмат было простых рабочых. Са мной у камеры сядзелі адзін выкладчык, чатыры студэнты, адзін быў беспрацоўны. Розныя былі людзі.
—І куды вас усіх павезлі з плошчы Незалежнасці?
—На Акрэсціна. Там выгрузілі, загналі ў новы корпус, дзе трымалі да раніцы. Адначасова афармлялі паперы, далучыўшы нейкіх сведак — амапаўцаў, якіх мы бачылі ўпершыню. На Акрэсціна нас трымалі ў калідорах на ўсіх паверхах. Не давалі размаўляць, прымушалі стаяць тварам да сцяны, рукі трымаючы за галавой. А калі мы пачыналі размаўляць, то крычалі: “Молчать!” Па тэлефонах таксама нельга было размаўляць. На другія суткі павезлі на суд. А ў судзе ўсё было хутка і проста: усім давалі па 15 сутак, жанчынам — па 10, інвалідам — па 5, іншым — штраф. Пасля суду нас трымалі ў “стаканах”.
—Што гэта за “стаканы”?
—Гэта камеры, дзе ўмяшчаюцца толькі два чалавекі, а нас заганялі туды па чатыры чалавекі і трымалі па паўтара сутак. Не давалі ні піць, ні хадзіць у туалет, нічога не дазвалялі.
—А пасля “стаканаў”?
—А пасля “стаканаў” нас пачалі размяркоўваць па камерах. У новым корпусе Акрэсціна было больш-менш прыстойна. Там былі двух’ярусныя лежакі, матрацы нам выдалі, падушкі. А калі перавялі ў стары будынак, то там нічога не было, там проста здзекаваліся з затрыманых.
—А Вы дзе былі?
—У старым корпусе. У камерах там нас было па 10 чалавек, камеры невялікія. У нашай камеры пасярэдзіне — ляжанка, побач — “параша”. Забаранялі спачатку адчыняць вокны для праветрывання, ніякіх матрацаў у нас не было. Калі мы пачалі пісаць скаргі, то дазволілі адчыняць акно. На шпацыр нас не выводзілі.
—А як кармілі?
—Тры разы ў дзень: каша, нейкая баланда, чай, хлеб.
—Ці даходзілі да вас перадачы з волі?
—Так. Мы да сённяшніх дзён вельмі ўдзячныя тады за падтрымку, дапамогу. Перадаваць можна было толькі ваду, паперу туалетную, паперу звычайную, зубную пасту, ручкі. Спалі на голых нарах у сваім адзенні.
—Што найцяжэй было пераносіць у няволі?
—Гэта стаяць у “стаканах”. Калі прасілі вады, ахоўнікі казалі: “Нам самім не хапае вады”.
—А прэсу можна было вам перадаць?
—Нельга. Але некаторыя газеты мы атрымлівалі. Напрыклад, у “Нашай ніве” прачыталі спіс затрыманых.
—Ці памяняўся за гэты час наш народ?
—Памяняўся. Ён стаў больш смелым і адкрытым, якім надакучыла такое цяжкое жыццё. І людзі патрабуюць дэмакратычных выбараў.