Інваліднасць — не перашкода для дэпутацкага мандата

Сярод 22 тысяч патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў Беларусі — некалькі інвалідаў. Карэспандэнты радыё Свабоды паразмаўлялі з імі, каб высветліць, што падштурхнула гэтых людзей удзельнічаць у выбарчай кампаніі.

«Калі ўсе супраць, то гэта яшчэ не значыць, што яны маюць рацыю…» Так лічыць прэтэндэнт на мандат дэпутата Слонімскага райсавету інвалід трэцяй групы Дзмітрый Пятруцік.

Пятруціку 26 гадоў, ён жанаты, мае двое дзетак і жыве ў Слоніме. Па прафэсіі — будаўнік-мантажнік. Інваліднасць атрымаў на будоўлі ў Расіі: у выніку няшчаснага выпадку ў яго зламаныя абедзве нагі.

Дзмітрый кажа, што вырашыў ісці ў дэпутаты, калі, будучы інвалідам, не змог знайсці ў Слоніме працу. «Мне па інваліднасці дзяржава плаціць 140 рублёў пенсіі. Але ж я малады, хачу і магу яшчэ працаваць, аднак працы знайсці не магу. А мне трэба карміць сям’ю. Узімку працую ў кацельні, а ў астатні час працы не маю. Ніколі не думаў, што ў нашай краіне такое стаўленне да інваліда», — кажа Дзмітрый Пятруцік.

Ён кажа, што сутыкнуўся са, здавалася б, звычайнымі рэчамі, якім многія гады ніхто не можа даць рады. У доме, дзе жыве, 50 год не рабілі рамонту, у двары няма дзіцячых пляцовак, на слупах не гарыць святло, на вуліцах няма сметніц. «Вось я і пастанавіў усе гэтыя праблемы на раённым роўні нейкім чынам зрушыць з месца», — кажа Дзмітрый. Ён дадае, што ягоныя сябры і блізкія ўпэўненыя: гэта марная трата часу. Аднак сам патэнцыйны кандыдат думае інакш. «Нават калі ўсе супраць, то гэта яшчэ не значыць, што яны маюць рацыю. Я веру, што калі робіш, то многае можа змяніць нават адзін чалавек», — лічыць Дзмітрый Пятруцік. Дзмітрый не належыць ні да якой партыі, у дэпутаты вылучаўся шляхам збору подпісаў.

Прачытаць цалкам матэрыял можна на сайце Радыё Свабода

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика