
У нядзелю, 6 траўня, у Слонім з лекцыяй пра стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі завітаў са сталіцы гісторык-навуковец, пісьменнік і палітык Анатоль Сідарэвіч. Лекцыя была прымеркавана да 100-годдзя ўтварэння БНР.
Спадар Сідарэвіч на працягу дзвюх гадзін цікава распавядаў слонімцам пра гісторыю стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на такіх асоб, як Язэп Варонка, Тамаш Грыб, Васіль Захарка, Макар Краўцоў, Вацлаў Іваноўскі, Антон Луцкевіч, Пётр Крачэўскі. Анатоль Сідарэвіч таксама спыніўся на тагачасных адносінах да БНР краін-суседзяў, адказаў на пытанні прысутных. Пытанні былі не толькі звязаныя з дзейнасцю БНР, але і агулам з гісторыяй Беларусі, гісторыяй бел-чырвона-белага сцягу і герба Пагоня.
Сустрэчу арганізавала слонімская кааліцыя дэмакратычных сіл і сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі з Мастоў.