
Некалькі тыдняў таму кіраўнік слонімскай арганізацыі БНФ Павел Севасцьян звярнуўся да дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алы Сопікавай па інфармацыю пра выкананне перадвыбарчых абяцанняў, якія яна рабіла напярэдадні апошніх выбараў у 2016 годзе.
Нагодай для звароту было тое, што ў сваіх інтэрв’ю і справаздачах дэпутатка па Слонімскай акрузе № 58 нічога не казала пра тое, як спадарыня Сопікава працуе ўсе гэтыя гады дэпутацтва (а яна балатавался двойчы) над “аздараўленнем сельскай гаспадаркі Беларусі”. Пры гэтым у перадвыбарчай праграме Сопікава падкрэслівала намер працаваць над фінансавым аздараўленнем сельскай гаспадаркі, праз заканадаўчую дзейнасць.
Цікава, што раней Сопікава адзначала ў якасці сваёй заслугі распаўсюджаны продаж самагона “Першачок”, які вырабляецца на Слонімшчыне. Дык хіба гэта адзіны сродак аздараўлення фінансавага стану сельскай гаспадаркі?
На жаль, з адказу дэпутата, які прадстаўляе у парламенце Слонім, так і засталося невядомым, якія менавіта законы дэпутатка ініцыявала дзеля выкананьня агучанай важнай задачы фінансавага аздараўлення сельскай гаспадаркі.
Што праўда, спадарыня Сопікава піша пра указ прэзідэнта №399 ды іншыя ўказы, незважаючы на сваю ролю як прадстаўніка заканадаўчай галіны ўлады. Прыпісваючы сабе ў якасці заслугі ўказ прэзідэнта спадарыня Сопікава, гледзячы па ўсім, спрабуе павысіць сферу кампетэнцыі парламенту, апярэджаюы агучаныя ў нашай стране планы канстытуцыйнай рэформы.
Спадар Севасцьян адзначае, што адказ спадарыні Сопікавай не задавальняе выбаршчыкаў Слонімшчыны:
— Сельская гаспадарка – праблемная галіна і патрабуе рэформы. Колькі ні працуюць дзяржава і “дэпутаты“ ў гэтым накірунку, але нічога не мяняецца ў лепшы бок, а толькі наадварот. І ў адказе Сопікавай я хацеў пабачыць тыя захады, якія б былі накіраваны на фінансавае аздараўленне сельскай гаспадаркі, а гэта – глыбокая аграрная рэформа, што ўключае зямельную рэформу.
Зямельная рэформа мае галоўнай мэтаю аднаўленне гаспадара на зямлі, шляхам прыняцця новага зямельнага кодэксу і закона аб уласнасці на зямлю. Таксама асновай зямельнай рэформы павінна быць дэцэнтралізацыя кіравання сельскай гаспадаркі. Зразумела, што дзяржаўная сістэма кіравання ў гэтай галіне нідзе ў свеце не працуе. Мы хочам бачыць у краіне сельскагаспадарчыя прадпрыемствы прыбытковымі, а дзеля гэтага трэба давяраць прыватнікам і дзяржава павінна развіваць прыватныя сельскагаспадарчыя арганізацыі, – сказаў кіраўнік Слонімскай арганізацыі БНФ Павел Севасцьян.
Крыніца: //belaruspartisan.by