Ці будзе ў Слоніме Тэатральная плошча?

 

У панядзелак, 18 сакавіка, у Слонімскі райвыканкам і раённы Савет дэпутатаў быў перададзены зварот слонімцаў з просьбай перайменаваць плошчу Леніна ў Тэатральную плошчу. Пад зваротам паставілі свае подпісы каля 80 мясцовых жыхароў.

«Мы, жыхары Слоніма, просім вас у бліжэйшы час на пасяджэнні тапанімічнай камісіі разгледзець нашу просьбу наконт перайменавання плошчы Леніна на Тэатральную плошчу.

У Слоніме сёлета адбудзецца рэспубліканскае Свята беларускага пісьменства і друку. Да гэтага свята мяркуецца адкрыць помнік былому слонімскаму старосту Льву Сапегу. Устаноўка помніка запланавана ў скверыку на плошчы Леніна насупраць драматычнага тэатра. Помнік Сапегу на плошчы Леніна — гучыць зусім недарэчна, тым больш што Ленін ніякага дачынення да гісторыі Слоніма і Беларусі наогул не мае.

Пры Льву Сапегу пры храмах нашага старажытнага горада існавалі тэатры, потым палац Сапегі Міхал Казімір Агінскі пераабсталяваў пад свой тэатр. Цяпер працуе ў цэнтры горада дзяржаўны драматычны тэатр. Як бачыце, тэатральныя традыцыі працягваюцца. Таму сама плошча Леніна просіцца стаць Тэатральнай. Аўтобусны прыпынак «Тэатральная плошча» будзе з`яўляцца своеасаблівай рэкламай тэатру, а плошча — візітоўкай Слоніма як гістарычнага і культурнага цэнтру Заходняй Беларусі.

Перайменаванне плошчы Леніна ў Тэатральную плошчу не патрабуе вялікіх выдаткаў. Слонімцы спакойна перайменавалі плошчу Горкага ў плошчу Льва Сапегі, вуліцу Энгельса ў вуліцу Оперную, вярнулі старую назву вуліцы Ружанскай, і ўсё абышлося культурна і ціха.

Таму верыцца, што наша прапанова па перайменаванні плошчы Леніна ў Тэатральную плошчу будзе абавязкова падтрыманая. І гэта паспрыяе развіццю турыстычнага патэнцыялу Слоніма і прынясе карысць усім слонімцам», — гаворыцца ў звароце.

Праз пэўны час мы даведаемся, ці падтрымаюць прадстаўнікі мясцовай улады прапанову слонімцаў аб перайменаванні плошчы.

Адзін з ініцыятараў збору подпісаў, грамадскі актывіст Алесь Масюк, распавёў, што ідэя аб перайменаванні плошчы Леніна ў Тэатральную ўзнікла яшчэ некалькі гадоў таму ў асяродку мясцовай творчай інтэлігенцыі. Гэта адбылося пасля таго, як быў пабудаваны новы будынак драматычнага тэатра. Для папулярызацыі тэатра і развіцця культурнага патэнцыялу Слоніма і паўстала ідэя з перайменаваннем.

У гэтым годзе быў зроблены першы крок і сабраны подпісы грамадзян за перайменаванне плошчы. Задачу збіраць шмат подпісаў ніхто не ставіў, бо з досведу ранейшых кампаній па вырашэнні розных мясцовых праблемаў вядома, што колькасць подпісаў фактычна не ўплывае на рашэнне мясцовай улады.

— Хачу падкрэсліць, што ў дадзеным выпадку ніякай палітычнай падаплёкі з перайменаваннем плошчы Леніна няма. Хаця я прыхільнік таго, каб цэнтральныя вуліцы і плошчы Слоніма насілі імёны нашых славутых землякоў. Атрымліваецца дзіўная рэч: калі зараз запытаць у мясцовых жыхароў, ці ведаюць яны, напрыклад, хто такі Алег Лойка і ці ёсць у Слоніме вуліца, названая ў яго гонар, адкажуць не многія. Бо мала хто ведае, што невялічкая вуліца імя слыннага слонімца Алега Лойкі — прафесара, доктара філалагічных навук, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук — знаходзіцца ў мікрараёне Лабазоўка. У тым жа мікрараёне ёсць яшчэ адна невялікая вуліца, якая носіць імя Васіля Пеляніцына — легендарнага экс-старшыні Слонімскага гарвыканкама. Ці гэта правільна, што вуліцы з імёнамі тых, хто мае непасрэдныя адносіны да гісторыі Слоніма, знаходзяцца на задворках горада? — адзначыў Алесь Масюк.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика