“Слонімскія чыноўнікі нешта наблыталі…”

Актывісты Слоніма звярталіся ў мясцовы райвыканкам з прапановай правесці круглы стол дзеля абмеркавання праблем горада і раёна. А ў адказ атрымалі ліст, дзе гаворыцца, што ў раёне дзейнічае Савет па развіццю прадпрымальніцтва.

Сайт “Народнай волі” на мінулым тыдні паведамляў, што сябры Слонімскага грамадскага аб’яднання ўстойлівага развіцця “МІНОЛС” (Слонім – калі прачытаць наадварот) звярталіся да старшыні райвыканкама Генадзя Хоміча з прапановай правесці сумесны круглы стол для абмеркавання праблемаў горада і раёна.

У прыватнасці прапаноўвалася за круглым сталом абмеркаваць найбольш значныя праблемы, якія існуюць у горадзе і раёне з тым, каб вызначыць сумесныя шляхі іх вырашэння. Да ўдзелу ў круглым стале “МІНОЛС” прапаноўваў запрасіць прадстаўнікоў мясцовай улады, бізнесу і па некалькі сябраў ад кожнага грамадскага аб’яднання.

Адказ, дарэчы, не заставіў сябе доўга чакаць, але вельмі здзівіў грамадскіх актывістаў. Намеснік старшыні райвыканкама В.Гершгорын піша:

“У Слонімскім раёне сфарміраваны і дзейнічае Савет па развіццю прадпрымальніцтва. Аб даце і месцы чарговага пасяджэння Савета вам будзе паведамлена дадаткова”.

Сябра “МІНОЛС”, Алесь Масюк мяркуе, што чыноўнік нешта наблытаў у сваім адказе, паколькі Савет прадпрымальніцтва, які дзейнічае ў раёне, аб’ядноўвае толькі прадпрымальнікаў, а яны прапаноўвалі сабраць па некалькі прадстаўнікоў ад усіх грамадскіх арганізацый.

“Зрэшты, цалкам магчыма, што спадар Гершгорын напісаў такі ліст наўмысна, – задумваецца Масюк. – Улады не прывыклі садзіцца за круглы стол з прадстаўнікамі грамадскасці, сумесна абмяркоўваць тыя ці іншыя праблемы, выслухоўваць крытыку ў свой бок, даваць справаздачу перад гараджанамі, а таму і пішуць такую адпіску”.

Масюк сказаў карэспандэнту “Народнай волі”, што “МІНОЛС” не збіраецца спыняцца на гэтым, а будзе шукаць іншыя шляхі для вырашэння агульнагарадскіх праблем.

Крыніца: //www.nv-online.info

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика