Выйшаў жнівеньскі нумар бюлетэня «Слонімскі край»

Выйшаў чарговы нумар гісторыка-краязнаўчага электроннага выдання “Слонімскі край”, якое штомесяц выдаюць Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын.

Галоўным матэрыялам нумару з’яўляецца артыкул гісторыка Ніны Стужынскай пра зялёнадумца Уладзіміра Ксяневіча (атамана Грача). Гэта адзін са слонімцаў, які змагаўся за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Разам з аднадумцамі ён уваходзіў у арганізацыю “Зялёны Дуб”, якая ў 1921 годзе не пагадзілася з падзелам Бацькаўшчыны паміж Польшчай і савецкай Расіяй і працягвала барацьбу супраць бальшавікоў.

 “Слонімскі край” аздоблены здымкамі Альбярціна з раней невядомымі скульптурамі львоў. Пра гэтыя рэдкія здымкі разважае Сяргей Ёрш.

Што сабой уяўляў рэвалюцыйны Слонім у 1905-1906 гадах даведаюцца чытачы, калі пачнуць чытаць успаміны А.Левандоўскага. А таксама ўсіх зацікавіць тое, што пісала пра Слонім “Ваенная газета ў Баранавічах” у траўні 1917 года.

Сяргей Чыгрын у 1994 годзе занатаваў успаміны Валянціны Курыловіч пра заснавальніка Слонімскага краязнаўчага музея Язэпа Стаброўскага.

Таксама на старонках “Слонімскага краю” апублікаваны працяг перакладаў Ігара Падгарадзецкага з нямецкай ваеннай газеты ды шмат іншага.

Гэты нумар “Слонімскага краю” можна скачаць ТУТ. Іншыя нумары можна прачытаць і скачаць на сайце беларускай інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика