
У cераду, 4 верасня, у Слонімскую акруговую выбарчую камісію была пададзена заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па збору подпісаў для вылучэння прадстаўніка БНК Віктара Марчыка кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Слонімскай выбарчай акрузе № 58.
У ініцыятыўную групу Віктара Марчыка увайшло больш за 60 чалавек, у тым ліку і экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч.
Вось як пракаментаваў свой удзел у выбарчай кампаніі Віктар Марчык: “Мы не адзін год дапамагаем людзям у вырашэнні тых ці іншых праблем. Пры гэтым часта сутыкаемся з непаразуменнем, а часам і з відавочнай праявай нядобразычлівасці ў сценах уладных структур. Таму мандат дэпутата дазволіць мне адкрыць тыя дзверы, якія ў дадзены момант для нас зачынены, і дапаможа вырашаць тыя пытанні нашых выбаршчыкаў, якія сёння не вырашаюцца. Варта таксама сказаць і пра тое, што 95 адсоткаў людзей, якія імкнуцца да ўлады ці якія знаходзяцца ва ўладзе, хочуць толькі таго, каб нешта узяць асабіста для сябе. А я адношуся да тых 5 адсоткаў, якія ідуць ва ўладу толькі для таго, каб даць людзям тое, што яны заслугоўваюць – СВАБОДУ СЛОВА І ПРАВА ВЫБАРУ Ў КОЖНЫМ КІРУНКУ”.
Нагадаем, каб стаць кандыдатам ў дэпутаты, неабходна сабраць мінімум тысячу подпісаў выбаршчыкаў.