Парушанае права Алеся Масюка на доступ да правасуддзя зацікавіла Камітэт ААН па правах чалавека

Слонімскі актывіст БХД Алесь Масюк атрымаў з Жэневы, дзе месціцца Камітэт ААН па правах чалавека, паведамленне аб тым, што ягоная скарга на парушэнне Рэспублікай Беларусь права на правасуддзе гэтым органам атрымана. Для рэгістрацыі і далейшага разгляду звароту Камітэт папрасіў прадставіць дадатковую інфармацыю і асобныя дакументы.

Праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў, які дапамагаў Алесю Масюку рыхтаваць скаргу, патлумачыў, што адказы на пытанні і запатрабаваныя дакументы ўзмацняць доказную базу. Таму ёсць упэўненасць, што скарга будзе зарэгістравана і прынята да разгляду.

Нагадаем, што падчас мінулагодніх выбараў у мясцовыя Саветы Алесь Масюк устанавіў, што агучаны на адным з выбарчых участкаў пратакол падліку галасоў паступіў у раённую камісію па выбарах у новай рэдакцыі, са змененымі лічбамі. З гэтай нагоды Алесь Масюк звярнуўся ў Слонімскі раённы аддзел Следчага камітэта (РАСК) з патрабаваннем разгледзець пытанне аб распачынанні крымінальнай справы. Але РАСК адмовіў. Пры гэтым адмову аформіў не пастановай, як патрабуе Крымінальна-працэсуальны кодэкс, а шляхам накіравання заяўніку звычайнага адказу на зварот. Не выключана, што РАСК гэта зрабіў адмыслова, пазбавіўшы Алеся Масюка магчымасці звярнуцца ў суд, бо абскарджанню туды падлягаюць толькі пастановы.

У выніку старшыня Слонімскага раённага суда Аляксандр Ярмолік, грунтуючыся на гэтай фармальнасці, адмовіў Алесю Масюку ў прыняцці скаргі на дзеянні Слонімскага РАСК.

Затым старшыня Гарадзенскага абласнога суда Аляксандр Корзун у адказе на скаргу Алеся Масюка паведаміў, што дзеянні старшыні раённага суда Аляксандра Ярмоліка з’яўляюцца абгрунтаванымі.

Некалькі разоў звяртаўся Алесь Масюк са скаргамі на дзеянні Слонімскага РАСК нават у Генеральную пракуратуру. Апошні адмоўны адказ адтуль датуецца 19.03.2019 за нумарам 07-02-415, які подпісаў намеснік Генеральнага пракурора, дзяржаўны саветнік юстыцыі 3 класа Аляксей Стук. Асноўны яго аргумент палягае ў тым, што паводле Выбарчага кодэкса скаргі на вынікі выбараў падаюцца ў 15-дзенны тэрмін з дня выбараў, які Алесь Масюк прапусціў.

З адказу вынікае, што магчымыя фальсіфікатара выбараў, на якіх не паступілі скаргі ў названы тэрмін, могуць працягваць камфортнае жыццё. Да шчасця, ні служачым Следчага камітэта, ні суддзям пры перапісцы з Алесем Масюком такая “шэдэўральная” думка не прыйшла ў галаву.

Тым не менш, з дзеяннямі судовай сістэмы краіны Алесь Масюк не пагадзіўся і накіраваў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. У ёй абвінаваціў Рэспубліку Беларусь у парушэнні ягонага права на правасуддзе, якое гарантуецца артыкулам 14 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Крыніца: http://harodniaspring.org/

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика