
У суботу, 14 верасня, у Слонім прыязджалі праваабаронцы Алесь Бяляцкі з Мінску і Віктар Сазонаў з Гародні. Акрамя слонімцаў на сустрэчу з праваабаронцамі завіталі таксама госці з Дзятлава.
Па словах Алеся Бяляцкага, ён не быў у Слоніме больш за 20 гадоў. За гэты час шмат што памянялася ў яго жыцці, грамадскай дзейнасці і ў творчасці. Падчас сустрэчы Алесь распавёў пра сваю працу над кнігай “Халоднае крыло Радзімы”, якая з’яўляецца своеасаблівым працягам кніг “Асвечаныя беларушчынай”, і “Іртутнае срэбра жыцця” – выданняў, якія былі падрыхтаваныя падчас зняволення аўтара.
Падчас сустрэчы была закранутая і тэма выбараў. Прааналізаваная сітуацыя 2010-га і 2011-га гадоў. Ішла гаворка і пра сённяшні дзень, і пра падзеі нядаўняга перыяду.
Пасля плошчы 2010 года, па словах Алеся Бяляцкага, супрацоўнікі Праваабарончага цэнтра “Вясна” пачалі актыўна паведамляць у міжнародныя структуры пра затрыманні і збіццё людзей, а таксама аказваць ім і сваякам дапамогу. “У 2011 годзе былі ўведзены розныя санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў. А ў жніўні 2011 года пасадзілі мяне на “Валадарку” у Мінску, а потым далі 4,5 года калоніі. Адсядзеў я тры гады і ў 2014 годзе мяне нечакана выпусцілі…”, – прыгадаў Алесь Бяляцкі.
Напрыканцы сустрэчы ўсе жадаючыя атрымалі кнігу Алеся Бяляцкага “Халоднае крыло Радзімы” з яго аўтографам.